Перамены на карысць усім

Сельское хозяйство

Цяперашняе адкрытае акцыянернае таварыства “Хойніцкі Аграсервіс” у мінулым не раз мяняла сваю назву. Было яно і машынна-трактарнай станцыяй, і “Сельгастэхнікай”, і “Райаграпрамтэхнікай”, і “Райсельгасхіміяй”. Але асноўным напрамкам дзейнасці прадпрыемства заўсёды было адно – рамонт тэхнікі гаспадарак раёна, яе тэхнічнае і сервіснае абслугоўванне. Але так атрымалася, што пасля неспакойных у эканамічных адносінах 90-ых гадоў яно паступова страчвала свае абслугоўваючыя і сервісныя функцыі, пакуль не ператварылася ў па сутнасці звычайнае сельскагаспадарчае прадпрыемства з уласнымі фермамі, тэхнікай і сельскагаспадарчымі ўгоддзямі.



І толькі ў мінулым годзе было прынята стратэгічнае рашэнне аб аднаўленні аказання паслуг гаспадаркам раёна па рамонту і абслугоўванню сельскагаспадарчай тэхнікі. Слова – дырэктару ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” Аляксандру Аляксандравічу МАКСІМОВІЧУ.



— Сапраўды, у нядаўнім мінулым мы былі больш з’арыентаваны на вытворчасці сельгаспрадукцыі. Зараз сітуацыя істотна мяняецца – паслугі па рамонту і падрыхтоўцы да веснавых і летніх палявых работ трактараў, камбайнаў, глебаапрацоўчай і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі патрэбны і нам, і ўсім гаспадаркам раёна. Для іх аказання сёння ў нас ёсць усё неабходнае – інструмент, абсталяванне, запчасткі, якія мы ў поўным аб’ёме атрымліваем з аб’яднання “Гомельаблаграсервіс”, а самае галоўнае – ёсць кваліфікаваныя кадры слесараў-рамонтнікаў, зваршчыкаў, токараў, фрэзероўшчыкаў і спецыялістаў па іншых неабходных для гэтага спецыяльнасцях. Пагэтаму зараз мы маем усе магчымасці для рамонту любой сельскагаспадарчай тэхнікі – трактараў (у тым ліку і энерганасычаных), сеялак, дыскатараў, плугоў, збожжа- і кормаўборачных камбайнаў і іншых машын і агрэгатаў. Напрыклад на сённяшні дзень, акрамя падрыхтоўкі да вясны ўласнай сельскагаспадарчай тэхнікі, мы заняты рамонтам 3 збожжаўборачных камбайнаў з эксбазы “Стралічава” і 2 адзінак такой жа тэхнікі з КСУП “Судкова”, а таксама айчынных і імпартных сеялак.



Немалаважна тое, што кошт рамонту за гаспадарак аплачвае дзяржава, а гэта выгадна не толькі ім, але і нам, бо пры гэтым выключаны затрымкі па разліках. А значыць мы своечасова і ў поўным аб’ёме атрымліваем заробленыя сродкі. Падрасла і зарплата (ад 3,5 мільёнаў рублёў і вышэй, гэта рэальна заробленым чалавекам грошы) занятых на рамонце тэхнікі работнікаў. Дарэчы, не толькі нашых, бо на час рамонту канкрэтнага камбайна або трактара з любой з гаспадарак мы заключаем часовы працоўны дагавор з механізатарам, які на ім працуе.



Акрамя таго, аказваем гаспадаркам паслугі па рамонту тэхнікі з выездам на месца нашых спецыялістаў. Гэта патрэбна і выгадна не толькі “Аграсервісу”, але і ўсяму раёну.



Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *