Пазбавіцца абыякавасці


Сёлета першым адрасам сустрэчы з працоўным калектывам  інфармацыйна-прапагандысцкай групы пад старшынствам кіраўніка раёна А.І. Цітка быў абраны КЖУП “Хойніцкі камунальнік”. 17 студзеня, прыбыўшы на месца, члены групы былі прыемна здзіўлены пераменамі, адбыўшыміся тут. Адміністрацыйны будынак пасля рамонту не пазнаць: еўрапейскі глянец, утульнасць, цеплыня. Як кажуць, няма таго, што раньш было. Нават у выразах твараў людзей нешта змянілася. Яно і зразумела –  ім не сорамна было прымаць у сябе прадстаўнікоў улады, з’явілася надзея на іншыя станоўчыя змены.


Тэма адзінага дня інфармавання датычыла 75-гадовага юбілею ўтварэння Гомельшчыны.Час ляціць, усё дынамічна развіваецца, у страі здольных павінен быць пастаянна і наш раён, у тым ліку і прадстаўнікі камунальнай галіны. Але на справе старшыня райвыканкама А.І. Ціток па выніках года адышоўшага не высока ацаніў іх дасягненні. Ды і што далёка хадзіць, дастаткова зазірнуць у ведамасць па зарплаце калектыву “Хойніцкага камунальніка”. У сярэднім за мінулы год яна склала 2171000 рублёў — што зарабілі, тое і атрымалі. Не жадаючы мірыцца з апошнім фактам, А.І. Ціток прыклаў усе намаганні для вывучэння склаўшайся негатыўнай эканамічнай сітуацыі на прадпрыемстве: чаму людзі, у якіх, як кажуць, карты ў руках па зараблянню грошай, наадварот самі ў даўжніках апынуліся. Непарадак гэты Аляксандр Іванавіч пастараўся вывесці на чыстую ваду, назваў сярод прычын няправільнае размеркаванне працоўных рэсурсаў на замацаваных участках работ. Каб пазбавіцца гэтага, не трэба людзей звальняць з працы, дастаткова правесці аптымізацыю колькасці – гэта значыць правільна размеркаваць абавязкі паміж работнікамі. Напрыклад, на тыя ўчасткі, якія самі грошы зарабляюць, больш людзей замацаваць, калі трэба, перавучыць іх для гэтага. А там, дзе за бюджэтныя сродкі выконваюцца работы, па-мінімуму запоўніць кадрамі.



Другі момант, на які звярнуў увагу Аляксандр Іванавіч, — навучыцца лічыць, укараніць паўсюдна самую жорсткую эканомію. Не павінна быць вялікай розніцы ў колькасці здабытых і адпушчаных рэсурсаў, напрыклад вады.  Кожны, хто выконвае  патрабаванні па эканоміі, павінен атрымліваць матэрыяльны стымул.  Словам, трэба нарошчваць выручку з найменшымі затратамі. Толькі затраты гэтыя трэба знайсці – г. зн. знайсці на чым губляем, быццам уцечку вады ўстанавіць і ліквідаваць. А гэта магчыма пры наладжаным уліку і аналізе. Каб не паўтараць памылкі мінулага года, калі на адной з кацельняў атрымалі 3 тысячы гігакалорый цяпла, а прадалі 2 тысячы, астатняе пайшло на свае затраты. Як вынік — недаатрымалі зарплату.



“Бярыцеся за працу сёлета з чыстага аркуша, пазбавіўшыся абыякавасці, улічыўшы гэтыя заўвагі і ўкараняючы мерапрыемствы па зніжэнню затрат, якія дапамагла распрацаваць вобласць”, — параіў А.І. Ціток, пажадаўшы пры гэтым калектыву энергіі, аптымізму, эканомнай арганізацыі работ у сёлетні Год беражлівасці і высокіх вытворчых вынікаў.



У ходзе сустрэчы аб крымінагеннай абстаноўцы ў раёне паведаміў начальнік РАУС С.А. Барысенка, у адным ключы  наконт вядзення здаровага ладу жыцця выступалі галоўны ўрач ЦРБ і галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна А.І. Федзянько і Н.Р. Лагвінец. І не паспрачаешся з імі: муж і жонка павінны вернасць захоўваць адзін аднаму — і не будзе магчымасці ў іх захварэць на ВІЧ\СНІД палавым шляхам, калі сачыць за харчаваннем – атлусцення не будзе, калі не курыць і не ўжываць спіртное – то на сэрца і на іншыя органы нагрузкі непасільнай не будзе, калі  прышчэпку ад грыпу своечасова рабіць – можна пазбегнуць цяжкіх ускладненняў або лятальнага зыходу ад гэтай хваробы. Як гаворыцца, усё геніяльнае проста.



Ірына Лукашэнка. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *