І зноў на першым месцы

Спорт

Спартсмены дзяржаўнага прафтэхвучылішча № 183 кожны год прымаюць актыўны ўдзел у абласных спартакіядах сярод ПТВ вобласці. І, як правіла, дабіваюцца нядрэнных вынікаў. Так было і на апошніх спаборніцтвах, у якіх удзельнічалі 9 каманд. Праходзілі яны на базе Калінкавіцкага сельскагаспадарчага каледжа.
 
Дамоў хойніцкія спартсмены прывезлі Дыплом першай ступені, падпісаны начальнікам упраўлення адукацыі аблвыканкома М. Бондар.
Вялікі ўклад у перамогу ўнёс былы навучэнец вучылішча Уладзімір Кандраценка, які зусім нядаўна пасля заканчэння ДПТВ па спецыяльнасці “тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ” прыступіў да працы ў якасці трактарыста ў сельгаспрадпрыемстве Рэчыцкага раёна ў вёсцы Ровенская Слабада, адкуль родам.

Юнак з’яўляўся капітанам зборных каманд вучылішча па футболу, баскетболу, валейболу, міні-футболу. Гэтыя спартыўныя калектывы выйшлі ў лік прызёраў на спартакіядзе. Асабліва вызначылася каманда тэнісістаў, у якой акрамя Кандраценкі, высокія прызавыя месцы заваявалі навучэнцы Сяргей Неўмяржыцкі і Сяргей Балашчанка.

У залік спартакіяды ўваходзілі і вынікі асенняга лёгкаатлетычнага кросу, які праходзіў у Гомелі. І тут навучэнцы ДПТВ былі першымі, абагнаўшы даволі моцныя каманды з Мазыра і Калінкавіч.


П. ТУРСКІ,
выкладчык фізічнага выхавання ДПТВ-183.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *