Для дэпутатаў важна ўсё


Для дэпутатаў важна ўсё



На мінулым тыдні інфармацыйна-прапагандысцкая група раённага Савета дэпутатаў на чале са старшынёй райсавета Г.В. Бондар правяла сустрэчу з працоўнымі. Першым адрасам выезду ў новым годзе стаў РЭС, прычым далучыўся да яго работнікаў і калектыў размешчанага па суседству Энерганагляду.



Галіна Віктараўна імкнулася паведаміць сабраўшымся як мага больш. Эканоміка раёна нарэшце зрушыла з месца, узяўшы правільны курс на ўпэўненае развіццё. Гэта яна пацвердзіла лічбамі па выкананню раёнам прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2012 год. На гэты ж вынік у цеснай звязцы з райвыканкамам працавалі і народныя абраннікі.



Г.В. Бондар падрабязна азнаёміла прысутных з планам работы райсавета на бягучы год, расказала аб асноўных формах дзейнасці – сесіях, рабоце са зваротамі грамадзян, дарэчы, летась іх паступіла да старшыні райсавета 98.



Не трэба было многа гаварыць аб выніках навядзення парадку на зямлі, яны і так усім відаць. Вёскі набываюць паступова свой твар. Іх добраўпарадкаванне праводзіцца не толькі за кошт бюджэтных сродкаў, але і за кошт сродкаў самаабкладання. За 2012 год сельскімі жыхарамі ўсяго сабрана 48 мільёнаў рублёў – гэта прыкладна па 13 800 рублёў на адно домаўладанне. Многа гэта ці мала, мяркуйце самі: зрэзаць адно аварыйнае дрэва каштуе больш за 1,5 мільёна рублёў.



Галіна Віктараўна падзякавала працаўнікам РЭС і Энерганагляду за дапамогу ў рамонце  агароджы на замацаваных за іх арганізацыямі могілках, у гэтым годзе для завяршэння работ будзе выдзелена фарба.
Вялікую ўвагу ў сваім выступленні ўдзяліла Галіна Віктараўна Году беражлівасці, якім аб’яўлены 2013-ты ў нашай краіне. За ўсё даводзіцца плаціць. А таму, вобразна кажучы, на вагу золата кожны кілават электраэнергіі, кубаметр газу, вады. Жорсткая эканомія – своеасаблівая крыніца даходнасці, гэта трэба разумець і выконваць на кожным кроку. Да таго ж, і другасная сыравіна не павінна выкідвацца, яе назначэнне – перапрацоўка.



У справе дабрачыннасці можна смела раўняцца на дэпутатаў – самых актыўных удзельнікаў навагодніх дабрачынных акцый у раёне, а таксама мерапрыемстваў па добраўпарадкаванню, да Дня Маці, 9 Мая, Года кнігі і інш.



Лагічным працягам выступлення Г.В. Бондар сталі справаздачы аб рабоце ў 2012 годзе дэпутатаў райсавета. Так, І.В. Лукашэнка  адзначыла, што пытанні жыццезабеспячэння выбаршчыкаў вырашаюцца не толькі праз іх звароты, але і ў ходзе работы пастаянных камісій райсавета. Яна ўваходзіць у склад камісіі мандатнай і па пытаннях законнасці, правапарадку, мясцовага кіравання і самакіравання. Летась адбылося яе чатыры выязныя пасяджэнні. Да прыкладу, з удзелам пракурора раёна абмяркоўвалася пытанне законнасці і правапарадку на тэрыторыі Судкоўскага сельсавета. Як вядзецца работа са зваротамі грамадзян – гэта тэма была ў полі зроку дэпутатаў на тэрыторыі Паселіцкага сельсавета, прычым папярэдне праводзілася адпаведнае апытанне сярод мясцовага насельніцтва. Большасць з апытаных задаволены работай адміністрацыі мясцовага сельвыканкама. Але пры гэтым выявілі і праблему – вада з дробнатрубчатых калодзежаў, па меркаванню жыхароў Паселіч, Велеціна, непрыгодная для піцця. У КЖУП «Хойніцкі камунальнік» быў зроблены адпаведны запыт аб правядзенні даследавання вады. Яго вынікі апасенні людзей не пацвердзілі.



Выступаючая са справаздачай дэпутат Н.У. Ешчанка гаварыла аб рабоце пастаяннай камісіі па сацыяльных пытаннях, справах моладзі, спорту і турызму і чарнобыльскіх праблемах, якую яна ўзначальвае.  Разгледжаныя летась пытанні датычылі работы камісій па справах непаўналетніх і агляднай Стралічаўскага сельвыканкама, утрымання  ў раёне воінскіх пахаванняў і помнікаў, медабслугоўвання ліквідатараў аварыі на ЧАЭС. Да таго ж,  выбаршчыкі звярталіся з рознымі праблемамі. Часцей за ўсё па ацяпленню жылфонду, дрэннага стану тратуараў па вул. Лермантава,  небяспекі ад бадзяжных сабак. На жаль, не ўсе яны вырашаны, але дэпутаты не даюць забыць аб гэтых праблемах тым, хто можа іх ліквідаваць.
У складзе інфармацыйна-прапагандысцкай групы былі прадстаўнікі розных служб. Адрасаваныя ім пытанні датычылі ўдакладнення ўмоў спальвання смецця на ўласных агародах, прымянення адміністрацыйных мер да тых, хто ўжывае спіртное на вуліцах або з’яўляецца ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане.



Больш за ўсё цікавіліся людзі арганізацыяй работы цэнтральнай раённай бальніцы. Усе звяртаюцца да ўрачоў, чакаюць прыёму ў чэргах пад кабінетамі, а таму і пыталіся пра мэтазгоднасць сумяшчэння вакансій медыкамі, скардзіліся на складанасць трапіць да зубнога ўрача, немагчымасць зрабіць здымак зуба з-за адсутнасці плёнкі. Падвяргаўся крытыцы расклад працы магазіна «Оптыка» ў паліклініцы і інш. Некаторыя пытанні патрабуюць часу для высвятлення сітуацыі, аб чым дадаткова абавязана паведаміць  кіраўніцтва ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *