Навечна ў памяці

75 - под мирным небом

Усё далей адыходзяць ад нас у гісторыю сумныя і шматпакутныя гады Вялікай Айчыннай вайны.

І толькі лічаныя адзінкі застаюцца сёння з намі з тых, хто памятае падзеі тых часоў. Адна з іх – 104-гадовая жыхарка вёскі Навасёлкі Кацярына Еўмонаўна Сацура. Яна памятае і сёння, як цяжка жылося пад гнётам нямецка-фашысцкай акупацыі, калі гітлераўцы адчувалі сябе гаспадарамі на нашай зямлі, як бязлітасна рабавалі яны мірнае насельніцтва. Маглі забраць з хаты апошняе, не звяртаючы ніякай увагі на тое, што ў сям’і малыя дзеці, што нечым харчавацца трэба і старым, і малым. Як запраста маглі растраляць за любое праяўленне незадаволенасці, альбо проста за касы позірк у бок акупантаў.

Навек запомнілася жанчыне і трагедыя вёскі Зялёны Гай, якая стаяла раней непадалёку ад Навасёлак. 10 чэрвеня 1943 года яе спалілі разам з усімі жыхарамі – загінулі тады 102 мірных жыхары.

Пасля гэтай трагедыі папаўзлі чуткі, што такая ж доля чакае і Навасёлкі, але, дзякуй Богу абыйшлося. Нядзіўна, што калі прыйшло вызваленне, людзі са слязамі на вачах сустракалі воінаў Савецкай арміі.
Потым былі гады аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Не было ніякай цяглавай сілы – ні коней, ні валоў, працаздольныя мужчыны ваявалі з ворагам на фронце, а таму ўвесь цяжар работ лёг на плечы жанчын і падлеткаў. На сабе аралі зямлю, баранавалі яе, волакам цягалі бярвенні, а мужчыны-інваліды – хто без рукі, хто без нагі – умудраліся неяк весці будаўніцтва.

Пакуль адбудоўвалі школу, дзеці вучыліся па хатах: там – двое, там – трое, там – пяцёра. Каму не пашанцавала, і ў каго перад адступленнем немцы спалілі хату (шмат было і такіх выпадкаў!) жылі ў зямлянках, альбо мясціліся ў суседзяў. Але важна тое, што людзі разумелі чужую бяду, дзяліліся апошнім адзін з адным. Напрыклад, у першую пасляваенную пасяўную насенны фонд адноўленага калгаса фарміраваўся за кошт таго, што заставалася ў людзей – у некага жменька проса, або пшаніцы, у кагосьці – крыху жыта альбо бульбы. Тое і сеялі, так і выжывалі. Гэтая згуртаванасць і дапамагла потым разам выстаяць у голадзе і холадзе першых і вельмі цяжкіх пасляваенных гадоў.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *