«Дажынкі» ў Брагіне: мы без дуды і з трактарам

Сельское хозяйство

Кожныя абласныя «Дажынкі» – гэта доўгія рады падворкаў з прысмакамі, якія радуюць вока, і з пахамі, якія дражняць нос.

Гэта танцы і песні, усмешкі і забавы. Шэраг магутнай сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама «тройка» новенькіх аўтамабіляў і дзясяткі трактараў для пераможцаў. У Брагіне ўсё таксама было традыцыйна душэўна і весела, але са сваімі адметнасцямі.

Гарадскі пасёлак цяпер не пазнаць – яркі, з мноствам абноўленных аб’ектаў. Для павольнага жыцця брагінчан гэта падзея стала знакавай, таму мясцовыя жыхары і госці ахвотна прымалі ўдзел у гуляннях, нягледзячы на марознае надвор’е.

Самы доўгачаканы момант, безумоўна, – ушаноўванне пераможцаў жніва. Нават не ўяўляеце: наколькі прыемна чуць падчас узнагароджання наш раён і як прыемна бачыць землякоў на сцэне ў ліку лепшых у вобласці!

Першае месца сярод вадзіцеляў заняў Уладзімір Анатольевіч Бандарэнка з КСУП «Веляцін». Трэцім у гэтай жа намінацыі стаў Фёдар Сцяпанавіч Ефіменка з КСУП «Судкова». Адзначаны і наш малады камбайнер КСУП «Судкова» Мікалай Кравец, ён заняў трэцяе месца.

Акрамя таго, жанчыне-кіраўніку – дырэктару ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» Вользе Уладзіміраўне Кісліцкай – уручылі ключы ад новага трактара для гаспадаркі.

З заміраннем сэрца многія слухалі, хто трапіць у намінацыю «Надзея» – так званыя антыпрэміі былі ўручаны Калінкавіцкаму, Акцябрскаму і Петрыкаўскаму раёнам, якія паказалі падчас уборачнай кампаніі найгоршыя вынікі. Начальнікам райсельгасхарчу ўручылі дудкі.

Кліматычныя ўмовы мяняюцца, надвор’е падае аграрыям Гомельшчыны сюрпрыз за сюрпрызам. Таму, па словах губернатара У.А. Дворніка, так важна аналізаваць гэтыя змены і рабіць стаўку на тыя культуры, якія могуць прынесці максімальную аддачу.

Год быў няпростым, але наш АПК атрымаў бясцэнны вопыт работы, які абавязкова паўплывае на вынікі будучых сезонаў.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *