Годна сябе паказалі

Рэха падзеі

Годна сябе паказалі



Правядзенне XIV абласной спартакіяды і конкурсу аматарскай творчасці сярод кіруючых работнікаў органаў выканаўчай улады і Саветаў дэпутатаў вобласці прымеркавана да 75-годдзя Гомельскай вобласці. Удзел у мерапрыемстве ўзялі больш за тысячу чалавек, што было выразна бачна на адкрыцці спартакіяды: кожны раён імкнуўся выглядаць больш адметна на фоне сапернікаў. Рознакаляровыя стужкі, плакаты з дэвізамі і назвамі каманд. Група падтрымкі з Рэчыцы літаральна аглушала іншых балельшчыкаў дробным барабанным стукам, а ўдзельнікі з Навабеліцкага мікрараёна г. Гомеля ўвесь час мерапрыемства падбадзёрвалі сваіх спартсменаў сцяжкамі з выявамі «смайлікаў».



Галоўнае – актыўнасць, а не паказчыкі



Нездарма кажуць, што рэзкая змена абставін карысна для псіхалагічнага стану чалавека. З гэтым згадзяцца работнікі райвыканкама і райсавета: з першага дня іх захапіла хваля падзей, ад жэраб’ёўкі да гала-канцэрта.
Урачыстае адкрыццё мерапрыемства прайшло ў Палацы гульнявых відаў спорту пад эгідай Яго вялікасці спорту: тут былі і гімнастычныя экзерсісы прызёраў дзіцячага турніру па гімнастыцы «Baby Cup», і эфектнае выступленне абсалютнага чэмпіёна свету па бодыбілдынгу і фітнэсу Сяргея Матусевіча. 



Ва ўступнай  прамове    старшыня Гомельскага аблвыканкама У.А. Дворнік адзначыў, што галоўнае для ўдзельнікаў спартакіяды – імкнуцца стаць прыкладам для моладзі ў вядзенні здаровага  ладу жыцця, а высокія спартыўныя паказчыкі не самае галоўнае.



На некалькі дзён пляцоўкі Палаца гульнявых відаў спорту сталі месцам вырашальным. І калі для нашых спартыўных поспехаў падыходзіць дэвіз «Галоўнае ? удзел», то конкурс аматарскай творчасці паспяхова вылучыў калектыў Хойніцкага райвыканкама і райсавета дэпутатаў сярод іншых.



Мэта – здаровы лад жыцця



На спартыўных пляцоўках сустрэліся ўдзельнікі мерапрыемства ў сямі відах спорту: шахматы, більярд, настольны і вялікі тэніс, міні-футбол, валейбол і стральба з пнеўматычнага пісталета.



У спартыўнай частцы трохдзённага мерапрыемства гонар  раёна  адстойвалі:  начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама С.А. Кавалёў (більярд), начальнік фінансавага аддзела Ю.У. Новік (шахматы), намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская і  намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва С.М. Кушнер (стральба з пнеўматычнага пісталета), начальнік аддзела ФКСіТ І.У. Халява (вялікі тэніс), інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі райсельгасхарчу Р.І. Ус (настольны тэніс) і намеснік старшыні райвыканкама А.М. Іўкова (боўлінг).



Апошні конкурсны дзень пачаўся з выстаўкі мастацкіх вырабаў і калекцый мастацкай і тэхнічнай творчасці, на якой каманды адміністрацый г. Гомеля і раёнаў прадставілі адметныя экспанаты: мастацкія здымкі, вышыўку і эксклюзіў калекцыі – васковыя свечкі і ўпрыгожванні ручной работы.   



Канцэртная праграма хайнічан, якая аб’яднала вясёлыя песенныя нумары з лірычным выкананнем вершаў і знакамітых музычных кампазіцый, атрымала сваю порцыю авацый і прызнання. Дыплом трэцяй ступені атрымаў квінтэт «Хорошие девчата» ў намінацыі «Лепшы вакальны ансамбль», узнагароду такой жа вартасці ўзяла ўся хойніцкая каманда ў катэгорыі «Лепшая літаратурна-музычная кампазіцыя».


Заключным нумарам прадстаўнікі Хойнікшчыны, у тым ліку старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар, выканалі песню «Песня остаётся с человеком».



Што пакінулі за кулісамі



Усім выступленням  папярэднічала карпатлівая падрыхтоўка. Спартыўныя трэніроўкі па міні-футболу пачаліся яшчэ ў кастрычніку. Каля трох тыдняў Ж.М. Чарняўская і С.М. Кушнер трэніраваліся ў стральбе з пнеўматычнага пісталета. Нават у дзень ад’езду паспелі наведаць апошнюю трэніроўку. Дарэчы, Жанна Мікалаеўна паказала нядрэнны вынік у сваім відзе спорту: 38 ачкоў з 50.



Раман Ігаравіч Ус заняў чацвёртае месца ў настольным тэнісе.  Для гэтага  яму прыйшлося актыўна трэніравацца, а дапамагаў у падрыхтоўцы інструктар-метадыст ДЮСШ Д.С. Дзядзіцкі.
Каманда спартсменаў, як адзначае начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама І.У. Халява, сфарміравалася даўно і не першы год выступае за раён.    



Спартыўную дэлегацыю на адкрыцці складалі самыя актыўныя: намеснік старшыні райвыканкама А.П. Гура, начальнік аддзела ФКСіТ І.У. Халява, галоўны спецыяліст аддзела эканомікі А.М. Гарашчанка, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва С.М. Кушнер, галоўны спецыяліст землеўпарадкавальнай службы Р.М. Тапінскі, галоўны спецыяліст фінансавага аддзела С.Р. Сабадаш і інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі райсельгасхарчу Р.І. Ус.



Сваю лепту ў арганізацыю сцэнічных нумароў унеслі работнікі аддзела культуры райвыканкама. Так, музычныя выступленні дапамагала ставіць намеснік дырэктара па вучэбнай і выхаваўчай рабоце дзіцячай школы мастацтваў А.А. Малашкіна, харэаграфіяй займалася выкладчык школы мастацтваў А.Р. Гушча. Касцюмы для квінтэту  прадаставіла кіраўнік танцавальнага калектыву «Драйв» А.В. Ляснічая, астатнія касцюмы пашыты ў Хойніцкім КБА (дырэктар Н.М. Малаш). За музычным пультам на выступленні працэсам кіраваў Я.С. Заяц.



Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *