Вечар школьных сяброў

Образование

Вечар школьных сяброў



Штогод у першую суботу апошняга зімовага месяца ў школах нашай краіны, па склаўшайся традыцыі, праходзяць сустрэчы выпускнікоў. Гэта добрая нагода ўспомніць школьныя гады, на нейкі час адпачыць ад рабочых і сямейных спраў, пабачыцца з былымі аднакласнікамі.



Гэту добрую традыцыю захавалі ў трэцяй гарадской сярэдняй школе,  кожная сустрэча выпускнікоў праходзіць заўсёды захапляюча і цікава.  Так было і 2 лютага, калі ў актавую залу ўстановы адукацыі  на сустрэчу з цяперашнімі выпускнікамі прыйшлі тыя, каго школа  паставіла на крыло ў розныя гады.
Усіх іх вітаў дырэктар школы С.М. Зубок, які адзначыў, што многія выпускнікі выбралі для сябе ў жыцці працу педагога. І зараз тут выкладае агульнаадукацыйныя прадметы 21 настаўнік з іх ліку, што складае  больш за трэць колькаснага штату настаўнікаў.



З захапленнем расказвалі аб сваёй рабоце выпускнікі папярэдніх гадоў – педагог Слабажанскай базавай школы Алена Андрэеўна Траццякова і мастацкі кіраўнік Судкоўскага цэнтра культуры і адпачынку Аляксандра Вадзімаўна Стахеева. Агітаваў выпускнікоў-2013 на паступленне ў Мінскі дзяржаўны авіяцыйны каледж, дзе зараз вучыцца,  курсант Мікалай Цялічка.



Пераклічка выпускнікоў, разнастайныя конкурсы і віктарыны, нумары мастацкай самадзейнасці – усё гэта было на сустрэчы ў СШ №3, якая сёння дае веды і выхоўвае 778 вучняў. Тут упэўнены, што кожны  з іх пасля заканчэння школы не згубіцца на складаных жыццёвых паваротах.


Клаўдзія Босак.


Непаўторнай і незабыўнай атрымалася сустрэча выпускнікоў і ў Паселіцкім д/с-СШ. З раніцы і да адкрыцця свята тут панавала радасная мітусня, бліжэй да вечара ў школу сходзіліся-з’язджаліся выпускнікі. Рэгістрацыя, пажаданне школе на спецыяльным «званочку», фотаздымак на памяць, запрашэнне зайсці ў залу. Вядучыя гавораць цёплыя словы прысутным натхнёна і горача. На экране з’яўляюцца фотаздымкі выпускнікоў: то маленькіх разам з бацькамі, то сур’ёзных побач з першай настаўніцай, то раптам пасталеўшых на фоне ўсёй школы.



Шчырыя словы прывітання прысутным адрасавалі дырэктар школы Г.В. Окунева, выпускнікі 1986 і 1989 гадоў А.Л. Гардзейчык і С.П. Тальчук. Краналі сэрца і песні, выкананыя выпускнікамі, і жвавы ўдзел у конкурсах і гульнях, і выкананне ўсёй залай Гімна школы.



Музычнае суправаджэнне свята ажыццявілі работнікі раённага Дома культуры, раздзяліўшы з усімі радасць урачыстасці.



К. Кузьменка, намеснік дырэктара Паселіцкага д/с-СШ па выхаваўчай рабоце.
 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *