Важней за ўсё – надвор’е на рабоце

Экономика

На рабоце большасць з нас праводзіць трэць сутак, калі адкінуць час на сон, то выходзіць – пераважную палову дня. Як бы гэта пафасна ні гучала, але калектыў, у пэўным сэнсе, становіцца нашай другой сям’ёй. Як правіла, калегі не толькі  разам працуюць, але і адпачываюць. Маю на ўвазе не выключна наладжванне карпаратываў, але і простыя размовы аб надзённых праблемах у абедзенны час.  Безумоўна, атмасфера, якая пануе ў калектыве, мае ўласцівасць уплываць на ўвесь працоўны працэс. Калі крыху перафразаваць вядомую песню, атрымаецца: важней за ўсё – надвор’е на рабоце. Наведаўшы калектыў КСУП «Веляцін», зрабіла такі прагноз: тут заўсёды сонечна, тэмпература даверу высокая, рэгулярна выпадаюць ападкі ў выглядзе ўзаемадапамогі, і нават калі месцамі адбываюцца спрэчкі, яны кароткачасовыя. Тут дзейнічае прынцып: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, нават сфатаграфавацца работнікі канторы згадзіліся толькі разам.



Героямі газетных старонак часта становяцца «ўладары палёў» – механізатары і «гаспадары ферм» – аператары машыннага даення, а вось плённая праца сціплых кабінетных спецыялістаў сельскай гаспадаркі міжвольна застаецца ў цяні. А за вялікімі ж стосамі папер, мнагазначнымі лічбамі на калькулятарах утойваецца важкі ўклад у агульную справу. Умоўна кажучы, калі працаўнікі нівы выконваюць практычную частку, эканамісты і бухгалтары – у адказе за тэарэтычную.



Прыехаўшы ў кантору, якая размяшчаецца на мехдвары гаспадаркі, вырашаю «пагасціць» па кабінетах, каб пазнаёміцца з калектывам. За першымі дзвярыма карпатліва працуюць два эканамісты. Гэта вопытны, адказны работнік Вольга Мікалаеўна Сакун і малады спецыяліст, гамяльчанка Марыя Лобан.
Вольга Мікалаеўна працуе ў гаспадарцы дваццаць гадоў, з іх на пасадзе эканаміста – трынаццаць. Прыемная, сціплая жанчына вельмі прасіла, каб пра яе нічога не пісалі ў газете, маўляў, ніякіх адметных заслуг не мае.  Але разам з тым, па словах намесніка начальніка райсельгасхарчу па эканоміцы Ж.Я. Бажок, эканаміст КСУП «Веляцін» Вольга Мікалаеўна  Сакун з’яўляецца адным з лепшых спецыялістаў у сваёй галіне сярод гаспадарак раёна.
Вольга Мікалаеўна з задавальненнем дапамагае маладым спецыялістам уліцца ў прафесію, не толькі дае карысныя парады, але і падтрымлівае добрым словам. Нездарма Марыі падабаецца працаваць побач з кампетэнтным спецыялістам. Дзяўчына зазначае, што наогул ёй працуецца лёгка дзякуючы добрым адносінам калег.



З гэтым салідарны яшчэ адзін малады спецыяліст Віктар Гардзейчык, якога застала ў наступным кабінеце. Мясцовы юнак летась скончыў Гомельскі аграрна-эканамічны каледж па спецыяльнасці «бухгалтарскі ўлік». Зараз займае адказную пасаду намесніка галоўнага бухгалтара. Ініцыятыўны малады чалавек не цураецца цяжкасцей, прафесійная планка ўзята высокая, неабходна ёй адпавядаць. Зараз ён атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Калінкавіцкім філіяле Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.



Міную кабінет дырэктара і трапляю ў сапраўдны кветнік – да ўлюблёных у сваю справу бухгалтараў. Анжэла Мікалаеўна Гардзейчык працуе тут 25 гадоў, Ірына Міхайлаўна Казлова і Наталля Уладзіміраўна Гардзейчык – па 22 гады, а Вольга Міхайлаўна Анісенка – 18. Уявіце: увесь гэты час яны працуюць побач у адным кабінеце! Вобразна кажучы, атрымаўся прыгожы квартэт: кожны робіць сваю справу, а ў цэлым яна складаецца ў адзіны добры вынік.
У гэтым жа кабінеце і рабочае месца кладаўшчыцы Таццяны Уладзіміраўны Гарашчанка. Абаяльная жанчына адказвае за выдачу запчастак, спецадзення, медыкаментаў і будматэрыялаў.



Іду далей. На чарзе – знаёмства з аддзелам кадраў. Старшым інспектарам па кадрах з’яўляецца Наталля Міхайлаўна Гардзейчык. Побач з ёй, за суседнім сталом, працуе юрысконсульт Кацярына Валянцінаўна Дзяйкун, якая, дарэчы, займала пасаду інспектара па кадрах з 1992-га  і да леташняга года. Напэўна, не трэба падрабязна спыняцца на тым, чым займаюцца гэтыя спецыялісты (прыём на працу, звальненне, пераводы, вядзенне працоўных кніжак і асабістых спраў і г.д.) – папяровай працы шмат, але ва ўмелых руках яна спорыцца хутка. Мець зносіны з гэтымі мілымі жанчынамі – адно задавальненне. Я з цікавасцю слухала іх расказы аб працы і калектыве.
Так, на сённяшні дзень у калектыве КСУП «Веляцін» працуе 235 чалавек. Штат рэгулярна папаўняецца маладымі спецыялістамі. Летась на працу ў гаспадарку прыбыло пяць новых работнікаў. Акрамя Марыі Лобан і Віктара Гардзейчыка, пра якіх упаміналася вышэй, гэта інжынер-электрык Ігар Семчанка, аграном-насеннявод Юлія Бароўская і галоўны заатэхнік Алеся Кандрацюк. Безумоўна, сёння цяжка замацаваць маладыя кадры ў сельскай мясцовасці, але ў гаспадаркі ёсць станоўчыя прыклады. Трэці год працуе галоўным ветурачом Яўгенія Кардаш, чатыры гады стажу мае галоўны бухгалтар Вольга Данчанка, якая, дарэчы, зусім нядаўна пайшла ў дэкрэтны водпуск.



Есць  у  калектыве   і  свае  сямейныя дынастыі: Наталля Уладзіміраўна і Віктар Рыгоравіч Гардзейчык, Кацярына Валянцінаўна і Сяргей Васільевіч Дзяйкун, Вольга Мікалаеўна і Юрый Уладзіміравіч Сакун, Любоў Станіславаўна і Пётр Рыгоравіч Ярац, Валянціна Іванаўна і Аляксандр Мікалаевіч Санцэвіч, Анжэла Мікалаеўна і Віктар Міхайлавіч Гардзейчык і іх сын Міхаіл. А, напэўна, адной з самых вялікіх з’яўляецца дружная сям’я Бандарэнкаў. Бацька Уладзімір Анатольевіч – механізатар, маці Вольга Сямёнаўна да выхаду на заслужаны адпачынак шмат гадоў працавала брыгадзірам жывёлагадоўчай фермы. Па слядах працавітых бацькоў пайшлі і дзеці: Анатолій – галоўны аграном, дачка Таццяна – кладаўшчык, малодшы сын Уладзімір сёлета заканчвае навучанне і таксама вернецца сюды працаваць. Дарэчы, тут жа працуе і жонка старэйшага сына – Вольга.



Завочна пазнаёміўшыся з многімі работнікамі калектыву, працягваю сваю экскурсію па канторы. У дыспетчарскай  пазнаёмілася яшчэ з дзвюма чулымі жанчынамі – дыспетчарам Ірынай Аляксандраўнай Кардаш і сакратаром Надзеждай Іванаўнай Беразоўскай.
Засталося зрабіць здымак. Жанчыны, крыху падкарэкціраваўшы макіяж і прычоскі, паслухмяна выстраіліся ў радкі, у цэнтры размясціўшы адзінага юнака. Кадр гатовы! Як я ўжо казала, фотаздымак таксама сімвалізуе аб іх адзінстве і сяброўстве. Толькі ўсе пашкадавалі, што на яго не трапілі адсутнічаючыя па розных прычынах у той дзень ідэолаг В.І. Санцэвіч, в.а. галоўнага бухгалтара Л.С. Ярац і дыспетчар В.М. Бандарэнка. Але, напэўна, гэта можа стаць добрай нагодай напісаць пра іх асобна.


 


Наталля ЧЭКАН.                 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *