Сяргей Цішкевіч – малады спецыяліст, актывіст і аптыміст

Образование

Жыццё кожнага чалавека, быццам кніжка, на старонках якой паслядоўна адлюстроўваюцца падзеі і з’явы, якія адбываюцца штодзённа.  Яе аб’ём не залежыць  ад узросту і  грамадскай пазіцыі аўтара. Сюжэт кнігі жыцця ў многім прадвызначае лёс, а вось почырк і ілюстрацыі да яе людзі выбіраюць самі.



У Сяргея Цішкевіча кніга жыцця хоць і невялікая, але змястоўная. Гэта звязана з тым, што актыўны малады чалавек проста не можа без руху, яго энергіі сапраўды можна пазайздросціць. Сяргей заўсёды ў ліку першых там, дзе можна карысна і цікава правесці час. Юнак быў своеасаблівай зоркай Рэчыцкага педагагічнага каледжа, які летась закончыў, бо не мінаў ніводнае мерап-рыемства. Ды і зараз, ужо з’яўляючыся настаўнікам англійскай мовы ў гімназіі г. Хойнікі, не застаецца на беразе школьнага жыцця.
Калі ён, упэўнены ў сабе, у элегантным касцюме, з густам падабранай кашуляй, гальштукам і дзелавым партфелем у руцэ сустрэў мяне на калідоры гімназіі, адразу заўважыла ўменне трымацца на людзях, яго нельга зблытаць са школьнікамі. І справа не толькі ў прэзентабельным знешнім выглядзе, а ў тым, што з самага першага працоўнага дня малады педагог сур’ёзна сябе паставіў перед вучнямі, даў зразумець сваю сяброўскасць, але і разам з тым патрабавальнасць у набыцці вучнямі ведаў. Сяргей Аляксандравіч у меру патрабавальны, аб’ектыўны педагог. Вельмі адказна рыхтуецца да заняткаў, выкарыстоўваючы сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. У час размовы, расклаўшы перада мной на стале шматлікія папкі, з непамерным энтузіязмам пачаў расказваць: «Вось гэта англамоўныя гульні», «Тут фізкультхвілінкі», «Гэта планы», «Там тэсты», «А вось, паглядзіце, презентацыі», «І яшчэ тут карткі і малюнкі». Я толькі паспявала вачыма прабягаць па стосах папер у файлах. У час правядзення заняткаў нярэдка карыстаецца інтэрактыўнай дошкай. Галоўнае для маладога спецыяліста – зацікавіць вучняў прадметам, даць ім як мага больш ведаў: не толькі навучыць чытаць-пісаць, але і размаўляць на мове англічан.



А браў ён прафесію настаўніка менавіта англійскай мовы пры склаўшыхся абставінах – штогод з 2001-га па 2006-ты ён, як і іншыя школьнікі, пражываючыя на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі, адпачываў у ЗША. Там улюбіўся ў акцэнт, гаворку, якая, дарэчы, яму вельмі лёгка давалася. Запамінаў новыя словы, часта гартаючы слоўнік у пошуках перакладу, імкнуўся больш практыкавацца ў размове.



У школе замежную мову пачаў вывучаць у чацвёртым класе, і яна прадказальна стала адным з любімых прадметаў. Настаўніца Аксана Мікалаеўна Гвоздзева адразу разгледзела ў Сяргея агеньчык зацікаўленасці. Калі прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, рашэнне было адназначным: вырашыў пачаць навучанне з каледжа.
Паступіў без асаблівых цяжкасцей, вучыўся на бюджэтнай аснове. Сяргей быў, як кажуць, студэнтам без хвастоў, ён здаваў паспяхова ўсе сесіі, разумеючы, што ад вынікаў залежыць не толькі ўзровень ведаў, але і памер стыпендыі. І хаця бацькі заўсёды падтрымлівалі адзінага любімага сына і забяспечвалі ўсім неабходным, капейка лішняй ніколі не бывае. Сяргей вельмі ўдзячны маці Алене Васільеўне, якая працуе прадаўцом ва ўнівермагу,  і бацьку Аляксандру Станіслававічу, вадзіцелю суда, за падтрымку і клопат, за тое, што дапамаглі рэалізавацца многім яго планам.



Насычаныя гады навучання ў каледжы праляцелі хутка, пераддыпломная практыка, дзяржаўныя экзамены, размеркаванне, і Hello, Хойнікі! У роднай гімназіі маладога спецыяліста ветліва прынялі ў калектыў, старэйшыя калегі заўсёды прапаноўваюць сваю дапамогу. Сяргей адзначае адчувальную падтрымку з боку адміністрацыі гімназіі ў асобе дырэктара Л.В. Лабады.



Да Дня настаўніка было праведзена мерапрыемства «Маладыя спецыялісты, якія вы?» На ім Сяргей разам з маладым калегай  Іллём Бураком, які таксама прыйшоў на працу ў гімназію ў гэтым навучальным годзе, самапрэзентавалі сябе. Пелі песні, знаёмілі са сваімі біяграфіямі пры дапамозе слайдаў, адказвалі на пытанні калег, пасля чаго ім уручылі жартаўлівыя дыпломы маладых спецыялістаў, якія будуць яшчэ адной добрай памяццю аб цёплым прыёме.



Зараз Сяргей Аляксандравіч праводзіць заняткі ў двух чацвёртых класах і ў трох дзевятых. Акрамя таго, займаецца на факультатывах з першакласнікамі. У калектыве педагогаў-«англічан» гімназіі з’яўляецца адзіным юнаком. Але яму гэта не ўпершыню: у каледжы ў групе было 27 дзяўчат і ён адзін, у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, дзе завочна цяпер навучаецца, Сергей таксама адзін сярод 13 прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва.



Малады спецыяліст заўсёды імкнецца самаўдасканальвацца, таму калі яму прапанавалі летась у канцы лістапада павысіць кваліфікацыю на курсах у Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, ён з задавальненнем згадзіўся. Шліфуе і прымнажае свае веды амаль штодзённа і дома: па кнігах і праз інфармацыю ў Інтэрнэце.
Многія параўноўваюць жыццё з зебрай, маўляў, паласа чорная – паласа белая, а Сяргей Цішкевіч – з вясёлкай. Ён усміхаецца кожнаму новаму дню і атрымлівае ўсмешку ў адказ!


Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *