У адзіным рабочым алгарытме

Сельское хозяйство

На нядаўнім свяце працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці звярнуў увагу на адзін не зусім звычайны, але красамоўны, на мой погляд, факт.

Па выніках года лепшым у раённым спаборніцтве сярод брыгадзіраў МТК і МТФ прызнаны Мікалай Рыгоравіч Камеш, які ўзначальвае калектыў аддзялення «Карчовае» ААТ «Хойніцкі Аграсервіс».

А званне «Лепшы сярод аператараў па штучным асемяненні кароў» дасталося яго жонцы – Анжэле Уладзіміраўне Камеш. Калі ж капнуць гэтую ганаровую дакументацыю за 2018 год яшчэ глыбей, то можна прыгадаць, што ў ліпені на раённым злёце перадавікоў у ліку лепшых работнікаў сельскай гаспадаркі было названа прозвішча аператара машыннага даення кароў таксама з аддзялення «Карчовае» Галіны Мікалаеўны Чэкан.

Ды і паказчыкі работы з аператыўных зводак райсельгасхарчу гэтага вытворчага падраздзялення «Аграсервісу» таксама настройваюць на аптымістычны лад. Чым не повад пабываць на МТК у Карчовым?
Па густому снегападу прыехалі зараней, але трапілі як раз пад заканчэнне ранішняй дойкі, і людзі ўжо мылі абсталяванне, наводзілі парадак у жывёлагадоўчых памяшканнях. Ветліва адгукнуліся на нашы просьбы пагутарыць і зрабіць фотаздымкі.
У адсутнасць брыгадзіра М.Р. Камеша, які ў гэты час знаходзіцца ў працоўным водпуску, маім асноўным суразмоўцам стала яго жонка Анжэла Уладзіміраўна. Становішча спраў на комплексе яна ведае, як у сваёй уласнай гаспадарцы. Таму і не дзіўна, што людзі раз-пораз звярталіся да яе з удакладненнямі і парадамі.
Анжэла Уладзіміраўна расказала аб тым, што ўсяго на Карчоўскім малочнатаварным комплексе зараз утрымліваецца 407 кароў, дойны статак складае 355 галоў, ёсць цяляты ўсіх узростаў – ад нованароджаных да паўгадовага. За ўсёй гэтай жыўнасцю даглядае персанал колькасцю 30 чалавек. Асноўныя з іх – 5 даярак, столькі ж даглядчыкаў, 4 цялятніцы, 6 слесараў. Працуюць усе ў адзіным рабочым алгарытме, дакладна ведаючы і выконваючы свае абавязкі і дапамагаючы адзін аднаму.
Потым А.У. Камеш доўга і цярпліва тлумачыла мне нюансы сучасных тэхналогій кармлення і даення кароў, якіх тут імкнуцца «жалезна» прытрымлівацца і ў якіх, прызнацца, я не вялікі спецыяліст. Аднак адна з яе фраз запомнілася асабліва сваёй прастатой і даходлівасцю:
– Што патрэбна для таго, каб карова давала многа малака? Калі ўдумацца, то не так ужо і многа: якаснае кармленне, сухая падсцілка і адсутнасць хвароб. Напрыклад, першыя струменьчыкі нашы аператары абавязкова сцэджваюць у асобную ёмістасць, а абмываючы вымя каровы, яны абавязкова звяртаюць увагу на яго стан і аб самай нязначнай пацёртасці альбо ўшчыльненні паведамляюць брыгадзіру, мне альбо галоўнаму заатэхніку Л.П. Валочка. І мы адразу прымаем меры, не дапускаючы развіцця захворвання.
Не проста кантроль, а поўнавартасны рабочы кантакт наладжаны тут і з кіраўніком ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» Вольгай Уладзіміраўнай Кісліцкай. Кожны дзень бывае яна на комплексе, аператыўна і эфектыўна дапамагае вырашаць усе ўзнікаючыя пытанні. Таму, напэўна, і не дзіўна, што прасочваецца ва ўсіх выніках работы Карчоўскага малочнатаварнага комплексу станоўчая дынаміка па вытворчасці малака, аднымі з самых высокіх у раёне (на ўзроўні 100%) застаюцца яго таварнасць і тлустасць (3,94%). Амаль палова малака (а дакладней – 45%) рэалізуецца гатункам «экстра», астатняе – вышэйшым і першым гатункамі.
Адзначу і тое, як прыемна ўразіў рабочы кабінет А.У. Камеш – не проста ўсё чыста і прыбрана (так, зрэшты, і павінна быць), але неяк і па-асабліваму ўтульна. Гэтую незвычайную атмасферу надавалі кабінету шматлікія малыя і вялікія падстаўкі і палічкі з кветкамі, сярод якіх асабліва шмат было кактусаў. Заўважыўшы наша захапленне, Анжэла Уладзіміраўна ўсміхнулася:
– Заўсёды імкнуся знайсці час для самых малых цялятак і кветак, якія цалкам залежаць ад нашага за імі догляду. Так наша праца набывае не толькі канкрэтны вынік і прагматыку, але і неабходную любому чалавеку прыгажосць.
Сапраўды, не паспрачаешся!

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *