Праспіртаваныя…


У доме Вольгі Кузубавай з Лісцвіна ў той дзень, калі разам з сакратаром камісіі па справах непаўналетніх А.С. Содаль, метадыстам аддзела адукацыі І.У. Грыцкевіч і старшынёй сельвыканкома Л.М. Зелянкоўскай наведалі гэтую неспрыяльную сям’ю, у 11.00 была “ціхая гадзіна”. Хаця з самага ранку, калі яшчэ добры гаспадар пеўня з ягоным курыным гарэмам не выпусціў з хлеўчыка зярнят пакляваць і вадзічкі напіцца, жыхары дома былі ўжо на нагах.

Няўмытыя пацягнуліся да стала выбіваць клін клінам, г.зн. учарашні перапой новай запраўкай гарэлкі. Фінансавыя магчымасці дазвалялі. Справа ў тым, што вярнуўся з заробкаў старэйшы сын Вольгі, грошай прывёз. Спіртнога закупілі з запасам, забілі некалькімі кілаграмамі каўбасы халадзільнік.

Малодшага сына, васьмігадовага Дзімку, Вольга, будучы яшчэ пры памяці, адправіла ў школу, дакладней, хлопчык сам пайшоў. Дзімка год назад стаў дзядзькам: ёсць у яго маленькая пляменніца Алеся, дачка сястры Галі.

У пакоі, закапаўшыся ў нейкае рыззё, спала Вольга Рыгораўна Кузубава, у наступным пакоі трымаў на руках гадавалае дзіця, так бы мовіць, унучку, яе сужыцель.  Дыханне Марфея не кранула паўшар’і яго галаўнога мозгу, таму на нагах трымаўся моцна. Там жа знаходзіўся і старэйшы сын Вольгі. А ў наступным пакоі, абняўшыся, спалі пасля п’янага застолля “маладыя”: дачка Вольгі Галіна Барадаўка і яе сужыцель.

Пакуль спалі, было ціха. Калі ж сямейства даведалася, што прыехалі забраць дзяцей, пачалося неапісуемае пяром. Са школы вяртаўся Дзімка. Убачыўшы яго, Кузубава закрычала:

– Уцякай, сынок, ратуйся, бо забяруць!

І хлопчык што ёсць сілы стаў уцякаць. Давялося дагнаць яго і растлумачыць, што паедзе ён разам з Алеськай і што там будзе не горш, а лепш, чым дома.

Калі ж дзеці нарэшце былі ў машыне, маці і дачка раз’юшана сталі кідацца на яе. Вядома ж, учынкамі іх кіравалі не мацярынскія пачуцці, абедзве былі п’яныя і не кантралявалі ні слоў сваіх, ні дзеянняў. Дзіма і Алеся былі дастаўлены ў раённую бальніцу, адкуль пасля дзесяці дзён  будуць накіраваны ў дзіцячы прытулак.

І яшчэ аб нейкіх сваіх правах бессаромна заяўляюць пасля ўсяго Вольга Кузубава і дачка яе Галіна Барадаўка. У той дзень пазванілі яны ў дзяжурную часць аддзела ўнутраных спраў са скаргай, маўляў, груба, нетактоўна паводзілі сябе прыехаўшыя, асабліва супрацоўнік міліцыі, што нельга ўмешвацца ў прыватнае жыццё грамадзян.

Выходзіць, разбілі мы сямейнае шчасце ў тым сэнсе, як разумеюць яго праспіртаваныя жанчыны. Як вялікае гора ўспрымае няшчасная маці, калі дзіця яе збілася з правільнага шляху (бывае, на жаль, такое і ў прыстойных бацькоў, і нельга агулам спіхваць усё на недахопы ў выхаванні). Але ж які прыклад паказвала сваёй дачцы Кузубава? Чаму добраму навучаць маці і сястра васьмігадовага Дзімку, які як аб навіне паведамляе аб тым, што старэйшы брат з заробкаў прывёз шмат грошай і зараз халадзільнік поўны каўбасы? 11 мая Алесі споўніцца годзік. Дзіця яшчэ не разумее, што адбываецца. І лепш не ведаць дзяўчынцы, што бываюць такія бабулі і маці. Дзяржава Галіне Барадаўка на працягу трох год плоціць грошы не для таго, каб разам з маці, сужыцелем прапівала яна іх.

Па прэзідэнцкаму Дэкрэту  № 18  давядзецца пераходзіць ёй з разраду маці-адзіночак у абавязаныя і не ў водпуску быць па догляду за дзіцём, а працаваць, каб кампенсаваць затраты дзяржавы на ўтрыманне дзяўчынкі ў прытулку.


С. ГАРДЗЕЙЧЫК, cтаршы ўчастковы інспектар РАУС, маёр міліцыі.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *