Да эканоміі – з узважаным падыходам


Праблема рацыянальнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў, сыравіны і матэрыялаў, фінансавых сродкаў актуальная для любой дзяржавы, у тым ліку для нашай краіны. Адказам на выклік часу стала падпісанне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 14 чэрвеня 2007 г. Дырэктывы № 3 «Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы». Што ж датычыць барацьбы за эканомію рэсурсаў, гэта не толькі агульнадзяржаўная задача і не толькі неабходнасць, узнікшая па загаду часу. Гэта клопат аб будучым, які павінен працаваць дзеля ўсеагульнага дабрабыту. Нездарма бягучы год у нашай краіне аб’яўлены Годам беражлівасці.



З добрым задзелам  па эканоміі цяпла і электраэнергіі ўступіў у 2013 год аддзел культуры райвыканкама, дзе паспяхова выкананы мэтавыя паказчыкі па энергазберажэнню ў супастаўных умовах. Аб гэтым расказвае начальнік гаспадарчай групы ўстановы  Ю.Я. Буркоўскі:



—  Дасягнуты значны эканамічны эфект ад мерапрыемстваў па зніжэнню затрат у сістэме цеплазабеспячэння, пра-ведзеных у мінулым годзе. За 11 месяцаў выкарыстана цеплаэнергіі 1019 гігакалорый  чыста для ўстаноў культуры, таксама для  ацяплення  было выкарыстана 95 тон умоўнага паліва – торфабрыкету і дроў. Эканомія  па гэтаму мэтаваму паказчыку склала 6,6% пры заданні 4,0%.



Гэта стала магчымым дзякуючы замене ў сельскіх установах культуры катлоў з вялікім тэрмінам эксплуатацыі на новыя, больш энергаэфектыўныя. Калі на старых мы ўжывалі 230 кілаграмаў умоўнага паліва на адну гігакалорыю, то новыя ўжываюць ад 170 да 179 кілаграмаў у залежнасці ад маркі катла. У мінулым годзе ўстанавілі 2 катлы, годам раней – 4, сёлета будзе праведзена замена  яшчэ двух катлоў – у Хвойнаўскай і Звеняцкоўскай бібліятэках-клубах.



Эканомія пайшла яшчэ і з-за таго, што ва ўстановах культуры ўстаноўлена многа шклопакетаў, у гарадскіх установах гэта справа выканана паўсюдна, паступова вырашаецца пытанне і ў  сельскіх установах, якія знаходзяцца на балансе аддзела культуры райвыканкама. Работы вядуцца гаспадарчым спосабам, летась заменена 40% вокнаў на шклопакеты ў Барысаўшчанскім,  Слабажанскім  СДК і Дварышчанскім сельскім клубе, сёлета  на гэтых аб’ектах будзе выкананы такі ж аб’ём работ.



Ва ўсіх нашых установах горада ўстаноўлены прыборы ўліку цяпла, эканомія цяпла дасягаецца таксама за кошт мерапрыемстваў, якія не патрабуюць значных фінансавых расходаў – ажыццяўляем пастаянны кантроль за ўшчыльненнем дзвярных праёмаў, аконных блокаў.



Што датычыць эканоміі электраэнергіі, то пры плане, напрыклад, на лістапад 2012 года 150 тыс. кілават-гадзін, выкарыстана яе 80 тыс. кВт: просты падлік паказвае, што з’эканомлена 70 тыс. кілават-гадзін электраэнергіі. Гэта ў асноўным за кошт выкарыстання энергазберагаючых лямп.
Рэзервы для эканоміі маюцца паўсюдна, проста іх неабходна актыўна задзейнічаць – да гэтай мэты трэба імкнуцца пастаянна, тады і вынік будзе станоўчы.


Запісала Клаўдзія Босак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *