Пажар забраў жыцці дзяцей

Законнасць і парадак

Жудасная трагедыя ў вёсцы Храпкаў адбылася раніцай  3 красавіка. Два дзіцяці, пакінутыя без нагляду, загінулі пры пажары цаглянага дома.


Як паведаміў інспектар ГПіН РАНС В.В. Цімонін, незадоўга да пажару гаспадар сям’і пайшоў на работу ў КСУП «Аравічы». Яго жонка – маці чатырох дзяцей – адправілася праводзіць двух старэйшых дзяцей: дачку, якая вучыцца ў чацвёртым класе Судкоўскай СШ, і сына, наведвальніка Казялужскага  дзіцячага сада, на аўтобус.
Прыпынак знаходзіцца прыкладна ў паўкіламетры ад дома. У ім жа без нагляду засталіся яшчэ два хлопчыкі, 2005-га і  2011-га гадоў нараджэння. Старэйшы з іх – інвалід ІІ групы, ён пакутваў на дзіцячы цэрэбральны параліч і не здольны самастойна перамяшчацца, знаходзіўся на надомнай вучобе. Пасадзіўшы дзяцей у школьны аўтобус, жанчына вярнулася і ўбачыла, што ў доме пажар.



Да прыбыцця аддзялення выратавальнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пажар ужо набраў сілу – гарэў шыферны дах, агонь бушаваў у жылых пакоях. Да моманту, калі пажар удалося ліквідаваць, было поўнасцю знішчана дахавае перакрыццё па ўсёй плошчы дома, перакрыццё столі па ўсёй плошчы дома і маёмасць унутры яго.
Не было ніводнага шанса на выратаванне ў дзяцей.
Па водгуках аднавяскоўцаў,  пацярпеўшая сям’я характарызуецца станоўча. Бацькі ў злоўжыванні спіртнымі напіткамі не былі заўважаны.
Прычына пажару і матэрыяльны ўрон устанаўліваюцца.
Абставіны трагедыі правяраюць прадстаўнікі Гомельскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях, пракуратуры, супрацоўнікі Хойніцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Дапамогу сям’і загінуўшых дзяцей таксама аказвае псіхолаг Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.



Каментарый пракурора Хойніцкага раёна М.Л. Беларусава:
– Трывожыць тое, што гэта не першыя дзіцячыя ахвяры на пажарах сёлета ў Гомельскай вобласці. Папярэдні выпадак меў месца ў вёсцы Яроміна Гомельскага раёна, дзе ахвярай агню стаў чатырохгадовы хлопчык. У той жа час за ўвесь мінулы год у Гомельскай вобласці адбыўся толькі адзін падобны выпадак.
Прычыну трагедыі, якая адбылася ў Храпкаве, вызначыць складана, але пры прысутнасці дома каго-небудзь з дарослых, яе, магчыма, удалося б пазбегнуць. Бацькі ў першую чаргу павінны клапаціцца аб бяспецы сваіх дзяцей. Мала даць жыццё ім, трэба яго берагчы як зрэнку вока. Расследаванне высветліць поўную прычыну здарыўшайся ў нашым раёне трагедыі, аднак дзяцей ужо не вярнуць.



Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *