Ёсць такая прафесія — для людзей гатаваць

2018 - Год малой радзімы Общество

З поварам кафэ «Палессе» райспажыўтаварыства Алегам Зубком у мяне атрымалася пазнаёміцца задоўга пасля таго, як упершыню паспытала стравы, якія ён гатуе.

І ніколі не пакідала залу без удзячнасцяў у адрас повара. Наварыстыя булёны, бульбачка па-хатняму, хрусткія шніцэлі… Нават пры ўспаміне апетыт з’яўляецца.

Вядома, работу ветлівага і працавітага повара нельга параўнаць нават з такімі ж абавязкамі любой хойніцкай гаспадыні. Прафесіянал штодзень абслугоўвае да сотні наведвальнікаў, не адрываючыся ад пліты. Гэта вам не суп зварыць на некалькі чалавек, зусім іншыя маштабы. Вось і на гэты раз размаўляем коратка і хутка: нельга надоўга адрывацца ад работы, якой, на шчасце, дастаткова.

Доўгіх пошукаў будучай прафесіі ў Алега не было. Пасля 9 класа накіраваўся ў Хойніцкі прафліцэй (раней прафесійнае вучылішча), дзе сярод некалькіх прапанаваных спецыяльнасцяў выбраў паварскую. Гатаваць у хлопца атрымлівалася з дзяцінства, таму новыя веды лёгка засвойваліся. На гэтым прага да майстэрства не завяршылася. Пасля атрымання дыплома ён паступіў на завочнае аддзяленне Баранавіцкага тэхналагічнага каледжа Белкаапсаюза. Там рыхтуюць павароў высокай кваліфікацыі,чаго і жадаў хайнічанін.

Цікава, што прафесія пэўным чынам паўплывала і на асабістае жыццё. Жонка Алеся таксама повар па прафесіі, пазнаёміліся на рабоце, а цяпер шчасліва жанатыя на працягу 10 гадоў, выхоўваюць 8-гадовага сына Мікіту.

Цікава стала, хто ў сям’і прафесійных павароў гатуе дома. Аказалася, што абодва могуць стаць каля хатняй пліты, хаця пасля работы, як прызнаецца Алег, хочацца павячэраць нечым самым простым, ды хаця б бутэрбродам, і не клапаціцца. Такое жаданне зразумела. З гэтай прычыны святочнае меню ў сям’і Зубок таксама на плячах жонкі.

Напэўна, няма такой стравы, якую б не змог прыгатаваць гэты хойніцкі повар. Нават модныя ў моладзі японскія сушы яму па сілах. Дастаткова асвоіць галоўныя правілы і прытрымлівацца традыцый – страва гатова!

Проста не магла завяршыць нашу размову, не запытаўшы пра самае важнае. Як у майстра кулінарыі атрымліваецца фірмовы капусны салат? Колькі разоў сама рабіла яго дома, ніколі так не паўтарыла – то салодкасці не хапае, то солі. На гэта повар 5 разраду з усмешкай адказаў: «Гатую яго на працягу 11 гадоў, нават з закрытымі вачыма магу яго зрабіць. Сакрэту тут няма. Але ж спрабуйце, калі-небудзь абавязкова атрымаецца».

Можа, і праўда, варта не спыняцца…

Алеся ЯЧЫЧЭНКА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *