Як пасеем – так і пажнём

Сельское хозяйство

Сустрэчу, якая прайшла ў мінулы аўторак у зале Судкоўскага сельскага Дома культуры, не назавеш афіцыйным і пратакольным мерапрыемствам. У другі дзень красавіка для шчырай і зацікаўленай размовы з кіраўніцтвам раёна тут сабраліся механізатары гаспадарак – тыя, каму, напэўна, ужо на наступным тыдні давядзецца на сваіх магутных трактарах выйсці ў поле і закласці падмурак будучага ўраджаю.



Якім важкім ён будзе – збожжавы колас альбо кукурузны пачатак, канешне ж, пакажа ўборка. Аднак ужо сёння неабходна зрабіць усё магчымае для таго, каб якасна правесці яравую сяўбу і абавязкова ўкласціся ў яе аптымальныя тэхналагічныя тэрміны – 10 дзён. Як адзначыў старшыня раённага выканаўчага камітэта А.І. Ціток, эфектыўнасць і поспех сёлетняй, анамальнай па зацягнутых тэрмінах яе пачатку пасяўной, будзе залежаць ад зладжанасці і арганізаванасці работы многіх людзей – кіраўнікоў гаспадарак, галоўных спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў і райсельгасхарчу, усіх дапаможных служб. Але ўсё ж цэнтральнай, галоўнай фігурай пасяўной з’яўляецца механізатар. Можна наладзіць самы жорсткі штохвілінны кантроль за яго работай, можна паабяцаць яму самыя неверагодныя прэміяльныя, аднак эфект ад гэтых мер будзе нулявым, калі чалавек не ўмее або не прывык працаваць як належыць.



І майстэрства, і жадання нашым механізатарам не займаць, што не раз яны даказвалі на справе. Толькі мала ўжо сёння адной працавітасці, патрэбны вопыт і веды, без якіх не абысціся і на падрыхтоўцы глебы, і непасрэдна на самой сяўбе. Таму і звярнуўся А.І. Ціток да прадстаўнікоў механізатарскай эліты раёна, якія прысутнічалі на гэтай сустрэчы, з заклікам адпрацаваць гэтую гарачую красавіцкую дэкаду так, каб потым, калі ўздымуцца ўсходы, нам усім не было сорамна за вынікі гэтай працы. «Лічыце гэта маёй асабістай просьбай», – адзначыў Аляксандр Іванавіч.



А яшчэ растлумачыў кіраўнік раёна (дарэчы, сам аграном па адукацыі) важнасць захавання тэрмінаў сяўбы. Па падліках спецыялістаў, расцягнутасць пасяўной кампаніі пагражае стратамі да 40% ураджаю. Напрыклад, поспехаў дабіваюцца хлебаробы Мазырскага раёна, дзе землі менш урадлівыя, чым нашы (27 бала-гектары супраць нашых 32) і дзе летась ураджайнасць склала 34 ц/га (у нас – 28 ц/га). Сакрэт – у аптымальных тэрмінах сяўбы, высакаякасным насенні (эліта і І рэпрадукцыя), належнай якасці выканання работ. Таму і прыбыткі гаспадарак там вышэй, чым у нас. Каб лепш жыць, патрэбна і лепш (а дакладней, эфектыўней) працаваць. Дарэчы, і мы з будучага года таксама будзем сеяць насеннем не ніжэй першай рэпрадукцыі.



Асаблівую  ўвагу  акцэнтаваў кіраўнік раёна на  захаванні нормы высявання насення, эканамічна абгрунтаваным і прадуманым размяшчэнні пасеваў сельскагаспадарчых культур, рацыянальным выкарыстанні гаруча-змазачных матэрыялаў.



«Зараз усё гатова да пачатку сяўбы – і тэхніка, і насенне, і ўгнаенні, распрацаваны і зацверджаны нормы выпрацоўкі, расцэнкі і ўмовы прэміравання, – сказаў на заканчэнне старшыня райвыканкама. – Засталося толькі настроіцца ўсім нам на нялёгкую, але плённую і выніковую работу».
У сустрэчы прыняла ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар. У сваім выступленні яна звярнула ўвагу на важнасць прадуманай і разумнай арганізацыі пасяўных работ, падкрэсліўшы, што ў гэтай справе не існуе нязначных дробязей як у тэхналагічным плане, так і ў пытаннях забеспячэння належных санітарна-бытавых і ўмоў працы, інфарміраванасці механізатараў аб умовах аплаты і прэміравання, арганізацыі гарачага харчавання.  «Усё павінна быць улічана», – адзначыла Галіна Віктараўна.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *