Яму падуладныя сучасныя тэхналогіі

Общество

Сустрэцца з Уладзімірам Канстанцінавічам Рабянком для размовы не так проста – з раніцы да вечара «прападае» ён па розных адрасах і ўсё па рабочых пытаннях.

З яго працай знаёмыя жыхары мноства хойніцкіх вёсак і аграгарадкоў, куды ён штодзень прыязджае для сервіснага абслугоўвання. Па сваёй рабоце, а ён 26 гадоў працуе электрамеханікам лінейных збудаванняў Хойніцкага ўчастка электрасувязі, мужчына на працягу кожнага рабочага дня выязджае на дзясяткі выклікаў – праблемы з тэлефоннай сувяззю, кепскі сігнал лічбавага тэлебачання ці інтэрнету…

Сёння гэтыя жыццёва неабходныя прыстасаванні ёсць у кожным доме, таму мы нявольна сутыкаемся з пэўнымі праблемамі. І так хочацца, каб усе непаладкі ліквідавалі хутка і, самае галоўнае, якасна. А што для гэтага трэба? Вядома, кваліфікаваны спецыяліст.

За гэты час работы на ўчастку электрасувязі Уладзімір Канстанцінавіч напрактыкаваўся на самых розных прыладах: пачынаючы ад насценнага радыё да сучаснай тэлепрыстаўкі. Час і чалавечыя запатрабаванні дыктуюць свае правілы, таму ў прафесіі У.К. Рабянка варта пастаянна арыентавацца ў асновах праектавання і ўстаноўках сістэм тэлебачання і сеткі інтэрнет, тэлефанізацыі, ахоўных сістэм і нават відэаназірання. Проста досвед тут не дапаможа, даводзіцца шукаць новыя крыніцы ведаў. Таму летась паступіў у Віцебскі вышэйшы каледж сувязі (філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі). У лютым накіруецца на чарговую сесію.

Шлях майго суразмоўцы да складанага свету мікрасхем і оптавалакна быў абраны не выпадкова. Пасля арміі, жахаў афганскай вайны, дзе пабываў на другім годзе сваёй службы, хацелася спакойнага жыцця на малой радзіме – Хойнікшчыне. У 1984 годзе дэмабілізаваўся, прыехаў дадому і пайшоў працаваць на колішні завод «Салют». Роўна склалася і лінія кахання. Уладзімір ажаніўся з абаяльнай Галінай, у сям’і нарадзіліся трое дзяцей. Праз 8 гадоў працы на заводзе ён змяніў род дзейнасці і пайшоў электрамеханікам на мясцовы вузел электрасувязі. Праз год сюды перайшоў і яго родны брат Канстанцін. Дарэчы, атрымліваюць профільную адукацыю браты разам: асвойваюць азы вышэйшай матэматыкі і рыхтуюцца да складанасцяў з вывучэннем англійскай мовы.

Вяртаючыся да прафесіі майго героя, задала лагічнае пытанне: ці падабаецца абраная прафесія і не хацелася б нешта памяняць у сваёй працы. Адказ быў лаканічным: маўляў, кожнае жыццёвае рашэнне варта загадзя добра абмяркоўваць і не мітусіцца пасля. А калі выбраў, дык рабі на сумленне. Такі прынцып спрацоўвае не толькі ў прафесіі, але і ў сям’і, сяброўстве. Павінна ж быць нешта пастаяннае ў такім зменлівым свеце. Жыццё не стаіць на месцы, і пры ўкараненні тэхнічных навін нам заўжды спатрэбіцца дапамога спецыялістаў, такіх, як Уладзімір Рабянок.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *