Дзеля жыцця на зямлі


Учэпістай памяці Васілія Сямёнавіча Гардзеенкі можна толькі пазайздросціць. Гэта датычыць і дат, назваў гарадоў і вёсак, у вызваленні якіх ён прымаў удзел у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама прозвішчаў і імён сваіх камандзіраў, таварышаў па зброі. Мінулае не адпускае ветэрана Вялікай Айчыннай  і праз 64 гады. Беражліва захоўвае ён  ваенна-палявую форму, у  дні вялікіх свят апранае яе і прыходзіць на ўрачыстыя мерапрыемствы. Трэба бачыць, з якой павагай глядзяць на салдата другой сусветнай хлопцы-падлеткі. Не дзівацтва гэта, а гонар франтавіка за тое, што ў сённяшнім мірным дні ёсць часцінка яго ратнай справы, што звініць шчаслівы смех дзетвары, і ён заплаціў за гэта сваёй крывёю.

– Ці было страшна? – перапытвае Васілій Сямёнавіч і, на мінуту задумаўшыся, гаворыць:

– Прывыкнуць да гуку выпушчанага снарада, выцця авіяцыйнай бомбы, узрываў мін немагчыма, здаецца душу яны вывярнуць. Але ў час бою наступае такі момант, калі быццам становіцца ўсё роўна. Свіст куль, агонь, дым, а ты бяжыш у атаку, ахоплены адзіным парывам з баявымі таварышамі. Падаюць забітыя і параненыя. Назад ні кроку, ніякага страху. Павернеш – свае прыстрэляць. На фронце і такое бывала. У дзяцінстве нас у школе вучылі любіць людзей, немцы таксама людзі, але ж яны прыйшлі забіць цябе, тваіх родных, блізкіх, сяброў… І з’яўлялася тое  пачуццё нянавісці, якое, па-мойму, і дапамагала выстаяць і перамагчы…

У вёсцы Клівы ў працавітай вялікай сям’і нарадзіўся і вырас Васілій Гардзеенка. Рана памёрла маці і выхаваннем хлопчыка займаліся дзве старэйшыя сястры. Перад вайной закончыў сем класаў, вельмі хацеў паступіць у мастацка-тапаграфічны тэхнікум. Але марам не суджана было збыцца. Семнаццацігадовым юнаком стаў народным мсціўцам у партызанскім атрадзе Калінкавіцкай брыгады, якім камандаваў Г.К. Марозаў, быў разведчыкам-падрыўніком. Перад вызваленнем раёна ён ужо меў дзве падзякі за выкананне баявых заданняў ад камандавання брыгады.

Пасля прыняцця прысягі ў        14-м стралковым запасным палку ў вёсцы Бярозаўка прымаў удзел у вызваленні Мазыршчыны. Пры фарсіраванні Прыпяці пад вёскай Стрыгалава быў цяжка паранены. Шпіталь у Рэчыцы, потым на Тамбоўшчыне. 8 сакавіка 1944 года выпісаўся і каля двух месяцаў авалодваў спецыяльнасцю артылерыста 76-міліметровай гарматы.

Прымаў удзел у вызваленні Варшавы, за што ўзнагароджаны медалямі “За вызваленне Варшавы”  і “За баявыя заслугі”.

Заўважыўшы мастацкія здольнасці салдата, камандаванне артпалка даручыла яму служыць пры штабе тапаграфістам. Але праз два тыдні, даведаўшыся, што Гардзеенка знаходзіўся на акупіраванай тэрыторыі, адхіліла ад пасады. Такое тады было звычайнай справай: не можа быць надзейным чалавек, які жыў побач з акупантамі, хоць і на правах раба. І стаў  Васілій Сямёнавіч кулямётчыкам 59-га кавалерыйскага палка 17-й гвардзейскай брыгады 2-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса. Штурмаваў Маргушэўскі глыбока эшаланіраваны плацдарм, браў горад Маргушэўск, крэпасць Бланберг, горад Кольберг. Пасля разгрому нямецкай дывізіі ва Усходняй Памераніі, удзельнічаў ва ўзяцці горада Франкфурта на Одэры. Па Кюстрымскаму плацдарму корпус зайшоў у тыл праціўніка і авалодаў г. Шторкаў у 40 кіламетрах ад Берліна, а 30 красавіка ён прымаў удзел у вулічных баях сталіцы трэцяга рэйха, дзе кожны дом агрызаўся агнём і смерцю.

9 мая 1945 года другі гвардзейскі кавалерыйскі корпус (у 1943 годзе ён вызваляў і Хойніцкі раён) парадным маршам прайшоў праз увесь Берлін, і казакі напаілі коней у Эльбе. Васілій Сямёнавіч за ўдзел у вулічных баях быў узнагароджаны медалямі “За адвагу” і “За ўзяцце Берліна”.

Праз некалькі дзён пасля пераможнага марша казакі спявалі песню:

По берлинской мостовой
Кони шли на водопой,
Шли, потряхивая гривой,
Кони-дончаки…
Казаки, казаки,
Едут, едут по Берлину
Наши казаки…

Але на гэтым баявы шлях кавалерыйскага корпуса не закончыўся. Яшчэ доўгі час казакі ўдзельнічалі ў “зачыстцы” лясных масіваў ад рознага роду груповак немцаў, уласаўцаў і паліцаяў. І толькі ў г. Тэльзіце корпус спыніў свой баявы шлях. А Васілій Сямёнавіч Гардзеенка яшчэ служыў два гады ў разведбатальёне. Дэмабілізаваўшыся ў 1947 годзе, прыехаў у родныя Клівы. Працаваў у хаце-чытальні, а пасля заканчэння двух тэхнікумаў – майстрам на Даманавіцкім заводзе, потым механікам на масласырзаводзе ў Камарыне, мастаком-афарміцелем на Хойніцкім кансервавым заводзе, адкуль і пайшоў на заслужаны адпачынак. Ен часты госць у школах, дзіцячых садах. Сустрэчы ветэрана з падрастаючым пакаленнем даюць добры плён у справе патрыятычнага выхавання.


М. САВЕЛЬЕЎ.
На здымку: М.С. Гардзеенка і вучаніца СШ № 2



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *