Гэта наша перамога – агульная!

Рэха падзеі

Штогод у нашай вобласці падводзяцца вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод гарадоў і раёнаў, сярод прадпрыемстваў. Цырымонія ўзнагароджвання па выніках работы ў мінулым, 2012 годзе, прайшла ў бізнес-цэнтры свабоднай эканамічнай зоны «Гомель-Ратон».



Больш за 50 прадпрыемстваў атрымалі на ім Падзякі аблвыканкама. Старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта У.А. Дворнік адзначыў пры гэтым: «Трэба імкнуцца да таго, каб кожнае прадпрыемства спрацавала стабільна, з прыбыткам. Тады павысіцца ўзровень рэальных грашовых даходаў, палепшыцца якасць жыцця нашых людзей». Уладзімір Андрэевіч выказаў словы падзякі ў адрас лепшых кіраўнікоў за адказнасць, ініцыятыўнасць, настойлівасць у дасягненні пастаўленых мэт.
 З гонарам даводзім да ведама жыхароў Хойнікшчыны, што ўпершыню за многа гадоў пераможцам у сваёй намінацыі (па колькасці жыхароў) прызнаны і наш, Хойніцкі раён. Ва ўрачыстай абстаноўцы на сцэну запрасілі старшыню Хойніцкага райвыканкама А.І. Цітка. Дыплом першай ступені ўручыў яму губернатар У.А. Дворнік (на здымку).  Пераможцамі ў аналагічнай намінацыі сталі таксама Рэчыцкі і Жыткавіцкі раёны.



Па словах А.І. Цітка, такі поспех раёна стаў магчымым дзякуючы агульным намаганням граматных кіраўнікоў, эканамічна актыўнага насельніцтва. Аляксандр Іванавіч выказаў надзею, што сёлета, аддаючы прыярытэты мадэрнізацыі прадпрыемстваў, актыўнай інвестыцыйнай дзейнасці, павелічэнню аб’ёмаў экспарту, павышэнню эфектыўнасці работы мы зможам не ўпусціць дасягнутых пазіцый.



Прыняўшая ў ліку іншых удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.Ю. Дарагакупец, выбраная сенатарам ад Хойніцкага, Брагінскага і Лоеўскага раёнаў, асабіста павіншавала старшыню Хойніцкага райвыканкама А.І. Цітка з перамогай у абласным спаборніцтве сацыяльна-эканамічнага развіцця. З пачуццём гонару падкрэсліла яна важнасць атрыманага прызнання Хойнікшчыны па выніках няпростага 2012 года.



Ірына ЛУКАШЭНКА.
Фота Вячаслава СУХАДОЛЬСКАГА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *