Для паляпшэння якасці пітной вады

Гандаль і абслугоўванне

На пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў на чале з яго старшынёй Г.В. Бондар разгледжаны ход выканання мерапрыемстваў па стварэнню, утрыманню і развіццю сістэм пітнога водазабеспячэння, паляпшэнню якасці пітной вады ў Хойніцкім раёне на 2011-2015 гады.



Са справаздачай выступілі дырэктар КЖУП «Хойніцкі камунальнік» А.У. Хадакоўскі і начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і па праблемах ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС райвыканкама Р.І. Каржанок. Пры абмеркаванні інфармацыі старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар адзначыла, што за перыяд з 2011 года некаторыя запланаваныя мерапрыемствы па стварэнню, утрыманню і развіццю сістэм пітнога водазабеспячэння, паляпшэнню якасці пітной вады ў Хойніцкім раёне камунальнай службай своечасова не выкананы. Не прыведзены ў належны санітарна-тэхнічны стан шахтныя  калодзежы, якія знаходзяцца ў грамадскім карыстанні. Дарэчы, можна было звярнуцца за дапамогай да  аддзела адукацыі райвыканкама і сумесна на ўзаемавыгадных умовах вырабіць прыгожыя накрыўкі на калодзежы, тым больш што ўсе школы займаліся гэтай справай.



Не ліквідаваны крыніцы нецэнтралізаванага водазабеспячэння, па просту кажучы, ніводнага непрыгоднага калодзежа за мінулую зіму не затампаніравана. У той час як, па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна, дэпутата раённага Савета дэпутатаў Н.Р. Лагвінец, у нашым раёне 40% калодзежаў не адпавядаюць санітарным нормам па нітратах.



Не трэба затрачваць сілы і сродкі для правядзення лабараторнага аналізу вады, калі не праводзяцца планавыя работы па прамыўцы, рамонту багатай сістэмы водазабеспячэння ў раёне, дарэчы адной з самых вялікіх па агульнай працягласці ў параўнанні з іншымі раёнамі вобласці. Вядома, што любое змяненне напору ціску ў трубах выклікае бурны ўздым іржаўчыны. І як такую ваду піць? Ёсць і такія недапрацоўкі, калі пабудаваныя сеткі водазабеспячэння не завершаны лагічна сістэмай водаадвядзення.  Адсюль і праблемы, напрыклад, у Велікаборскім сельсавеце з утылізацыяй каналізацыйных сцёкаў. А гэтым у сваю чаргу парушаецца і экалагічнае заканадаўства.
Вяртаючыся да тэмы тампаніравання калодзежаў, Г.В. Бондар падкрэсліла, што неадкладна гэту работу трэба выканаць там, дзе маюцца правалы. Толькі разумны падыход да тампаніравання павінен быць. Галоўнае – не пазбавіць людзей адзінай крыніцы водазабеспячэння, альтэрнатыва – устройства дробнатрубчатых калодзежаў. Прычым якаснае ўстройства, а не так, як на тэрыторыі Паселіцкага сельсавета, дзе з-за павышанай мутнасці карыстацца вадой для піцця немагчыма.



Галіна Віктараўна не пакінула без увагі ход асваення грашовых сродкаў па ўсіх крыніцах фінансавання, у тым ліку па праграме «Чыстая вада», згодна з якімі праводзіцца мадэрнізацыя і рэканструкцыя каналізацыйна-помпавых станцый у раёне, станцыі другога пад’ёму вады ў Хойніках і інш.
У ходзе пасяджэння ўздымалася і праблема самавольных урэзак у сістэму водаправода, што ні ў якім разе недапушчальна рабіць грамадзянам у першую чаргу па санітарных нормах і правілах. Менавіта таму рашэнне прэзідыума вырашана дапоўніць адпаведным пунктам – выкарыстаная насельніцтвам вада павінна быць якаснай, уся ўлічана і аплачана. А каб кантроль за гэтым быў дзейсным, неабходна аддзелу ЖКГ і па праблемах ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС распрацаваць адпаведны алгарытм па забеспячэнню адзінага кіравання і рэгулявання пытанняў пітнога водазабеспячэння ў раёне, а таксама рэальныя рычагі неадкладнага ўздзеяння на законных уласнікаў  водаправодных сістэм за выяўляемыя парушэнні.           



Тэкст і фота Ірыны ЛУКАШЭНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *