Казялужскі дзіцячы сад – месца, дзе шчаслівыя дзеці

Главное Образование

Трапіўшы на тэрыторыю Казялужскага дзіцячага ясляў-сада, нібы апынаешся ў цэнтры казачнага сюжэта.

Асабліва прыгожа тут летам, калі ўсё вакол набывае больш яркія фарбы. Зіма ўносіць свой загадкавы каларыт – на сонцы гурбы снегу, дрэвы пад пухнатымі снежнымі шапкамі. Па ажыўленню можна лёгка зразумець, што дзецям падабаецца гуляць на свежым паветры.

Ніводны візажыст ніводнымі румянамі не намалюе такую здаровую чырвань, якая была на шчочках дзетак. У час прагулкі малышы катаюцца на санках, лепяць снегавікоў, кормяць птушак і чысцяць снег маленькімі рыдлёўкамі.

У дашкольнай установе працуюць тры групы – малодшая, сярэдняя і старэйшая. Тут выхоўваецца 36 дзяцей – з Казялужжа, Храпкава і Клівоў. Калектыў маленькі – 11 чалавек, але вельмі дружны, творчы, захоплены сваёй справай. Усіх іх аб’ядноўвае чароўная, бясконцая любоў да дзяцей.

Загадчыца Святлана Кундас

Без цярпення, запалу, энергіі, умення выкладвацца на ўсю моц працаваць у дзіцячым саду нельга. Бязмежнасць цеплыні, дабрыні, клопату і пяшчоты вось ужо амаль трыццаць гадоў дорыць дзецям загадчыца сада Святлана Рыгораўна Кундас.

Разам з калегамі яна робіць усё магчымае, каб тут малышы адчувалі сябе як дома. Натхнёныя неабыякавыя выхавальнікі, іх памочнікі, повары выконваюць за дзень сотні, няхай дробных, але спраў. І іх праца дарагога каштуе.

У садку цячэ сваё асобнае жыццё з цудоўнай дзіцячай непасрэднасцю і актыўнасцю. Усе чароўныя, сціплыя жанчыны вельмі любяць дзяцей, а гэта галоўная ўмова нялёгкай прафесіі.І, што не менш важна, дзеці адказваюць узаемнасцю. Дарэчы, многія работнікі маюць працоўны стаж больш за дваццаць гадоў. Вось яна – вернасць справе.

Мне спадабалася назва верша, які размешчаны на сайце дашкольнай установы – «детсадовские супермамы». Сапраўды гэта так, бо ім варта прыняць, прылашчыць, здзівіць, супакоіць, накарміць, пагуляць, пачытаць, навучыць, пакласці спаць, разам ляпіць, маляваць, складаць вершы, спяваць песні, рэпеціраваць ролі.

І ўсё яны могуць, усё ім пад сілу, людзям з шырокаю душой. Штодзень яны сеюць ўсё лепшае ў дзіцячых сэрцах, не просячы нічога ў адказ.

У калектыва шмат перамог, апошняя ўзнагарода – кубак як лепшай сельскай установе дашкольнай адукацыі ў 2018 годзе.

Такое прызнанне сведчыць аб многім. Выхавацелі і выхаванцы прымаюць удзел ва ўсіх раённых мерапрыемствах і ў сябе ладзяць вялікую колькасць святаў, у тым ліку з запрашэннем бацькоў. Усяго не пералічыць!

Штогод праводзіцца конкурс на лепшае навагодняе упрыгожванне груп, а таксама на лепшую сямейную творчую работу. А, да прыкладу, на Масленіцу арганізуюць свята на тэрыторыі сада: спальваюць пудзіла, водзяць карагоды і ядуць смачныя, духмяныя бліны.

Акрамя таго, ужо больш за дзесяць гадоў ёсць традыцыя хадзіць весела святкаваць калядкі. Гэты год не стане выключэннем. Ужо сабралася цудоўная кампанія з цікавых персанажаў.

Вясёлыя, шумныя маленькія калядоўшчыкі з песнямі, як заўсёды, пройдуцца па установах вёсцы, пабываюць на працоўных месцах бацькоў, а таксама завітаюць у арганізацыі горада. Таму чакайце ў госці!

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *