Праз адлегласць і час


Есць людзі, падобныя на зоркі: чалавека ўжо няма, але яго сэрца, якое гарэла пры жыцці, працягвае выпраменьваць чыстае нязгаснае святло, саграваючы іншых і ўсяляючы надзею. Такім быў і наш зямляк Васілій Фёдаравіч Мельнікаў.

У васемнаццаць гадоў пайшоў ён на поле змагання з гітлераўскімі акупантамі і, прапахаўшы паў-Еўропы, не раз стоячы на краю смерці,  закончыў яго на апошняй станцыі “Берлін”. Ваяваў у пехоце. Удастоены адной з самых вышэйшых ваенных узнагарод – ордэна Чырвонай Зоркі.

Вайна для юнака, ураджэнца Веткаўскага раёна, магла закончыцца амаль толькі пачаўшыся: у адным з баёў яго накрыла хваляй ад разрыўнога снараду, засыпала пяском. Заўважылі пехацінцы, што ішлі следам. Лячыўся ў шпіталі ад кантузіі, часткова згубіў слых, мог дэмабілізавацца, але настаяў перад урачамі на тым, каб вярнуцца ў строй.

У сорак трэцім ён быў ротным сяh жантам 21-га палка 180-й дывізіі, якой камандаванне паставіла задачу фарсіраваць Днепр паміж Вышгарадам і Кіевам, у раёне моцнай трохяруснай па крутым беразе абароны немцаў, захапіць малюсенькі плацдарм – пясчаную водмель – трымацца на ім колькі можна, колькі хопіць чалавечых сіл.

Іх было сто сорак чалавек. І ў туманную халодную ноч гэтая ўзмоцненая рота бясшумна на лодках пераплыла паўкіламетровую шырыню вады: акапалася ў кустарніку без бою, амаль без страт. Да нямецкай абароны было менш чым сорак метраў: нават ручныя гранаты, кінутыя з высокага берага, дасягалі ячэек нашых салдат. На золку немцы выявілі іх пазіцыі, а да раніцы сувязь з берагам была перарэзана. Сувязісты, пасланыя на лінію, не вярнуліся.  Першая атака немцаў пачалася на зары. І гэта быў толькі пачатак. Няспынныя атакі працягваліся і днём, і ноччу. Сем доўгіх дзён і начэй сапраўднага пекла. У кароткія мінуты зацішша ім крычалі з нямецкіх акопаў: “Здавайцеся! Вы вар’яты! Ззаду Днепр, спераду – смерць, а мы злітуемся над вамі”.

Яны адказвалі агнём. І хавалі забітых. Падмацаванне, пасланае на трэцюю ноч дывізіяй, было адрэзана.

У апошні дзень было тры лютыя атакі. У акопе Мельнікава заставалася пяцьдзесят “лімонак” і дзве гранаты “эргэдэ”. Салдаты ледзь жывыя, усе ў бародах, дыхаюць з хрыпам, схуднелыя, але вочы жывуць яшчэ і быццам пытаюць: “Што будзе далей?” Камандзір Стацэнка загадаў усім зняць шынялі, потым сказаў разведчыку казаху Азімаву, каб той прапоўз метраў тры ад водмелі. Той пералез праз бруствер, папоўз у бок вады. Месяц з-за воблачка якраз выглянуў, і яго ніжняя сарочка на пяску белым выдзяляецца. Але немцы не страляюць. Тады камандзір загадаў усім мокрым пяском, брудам ніжнія сарочкі замазаць. Потым спытаў, ці ўсе на вадзе трымацца могуць. Аказалася – усе. Атрымалі загад на другі бераг перапраўляцца. Паўзлі амаль трыста метраў. Што немцы не заўважылі – вялікім цудам было. Некаторых салдат непрытомнымі на беразе выцягнулі. Тры дні адпачылі, а потым на наступленне ад Вышгарада на Кіеў. Застаўшыеся ў жывых байцы, у тым ліку і В.Ф. Мельнікаў, былі ўзнагароджаны.

Былыя франтавікі ведаюць, што гэта значыць: першым фарсіраваць Днепр і пратрымацца на малюсенькім  плацдарме сем сутак, адрэзаным ад сваіх.

Гэта толькі адзін з эпізодаў ваеннай біяграфіі Васілія Фёдаравіча Мельнікава. За доўгія чатыры гады вайны, кожную мінуту адчуваючы каля свайго пляча вогненны подых смерці, моўчкі праходзячы каля свежых бугаркоў з надпісамі хімічным алоўкам на дошчачках, ён не страціў у сабе першы ранейшы свет юнацтва, але стаў дарослым больш чым на 20 гадоў. І здавалася яму, што пражыў іх так падрабязна, так насычана, што гэтага жыцця хапіла б на жыццё двум пакаленням.

Дэмабілізаваўся Васілій Фёдаравіч толькі ў 1950 годзе. Едучы дамоў з Германіі, у поездзе пазнаёміўся з маладой прыгожай дзяўчынай Юліяй, якая з аднавяскоўцамі вярталася з Заходняй Беларусі, куды ездзіла, каб набыць нешта з харчавання. Гэта было каханне з першага погляду, якое працягвалася да трагічнай смерці франтавіка ў мірны час ва ўзросце 57 гадоў. Да гэтага ён служыў участковым інспектарам міліцыі, і да ваенных дабавіліся ўзнагароды за мірную службу. Пабудаваў вялікі дом у Малішаве, разам з жонкай Юліяй Аляксандраўнай нарадзілі і выхавалі трох сыноў і дзвюх дачок, паспеў парадавацца іх жыццёвым поспехам. Аднавяскоўцы  запомнілі яго спакойным, няспешным, усмешлівым, вельмі добрым чалавекам.

– Для мяне мой тата быў самым лепшым чалавекам на свеце, – гаворыць дачка Мельнікава Зоя Васільеўна Радзюшка, якая зараз жыве ў бацькоўскім доме. –  Яго дабрыні хапала на ўсіх: і сваіх дзяцей, і сваіх малодшых братоў, якія засталіся пасля вайны сіротамі, і для людзей, з якімі даводзілася жыць і працаваць.

Як самыя каштоўныя рэліквіі захоўвае яна ордэн Чырвонай Зоркі, медалі “За вызваленне Варшавы”, “За адвагу”, “За ўзяцце Берліна” , пажаўцелыя ад часу пасведчанні і ўзнагародныя лісты, узнагароды за ўзорную службу ў органах міліцыі. Паказвае фотаальбом, дзе на здымках Васілій Фёдаравіч такі малады і прыгожы…

І зазначае: “Гэта не зусім правільна, што, уходзячы, людзі перастаюць жыць. Розныя пакаленні ў адзін непарыўны ланцужок злучае гістарычная памяць. Яна становіцца нашым жыватворным коранем. Памяць аб тых, хто заваяваў наша светлае сёння ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, сярод якіх быў і мой бацька, нязгасная”.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *