Маштабная рэканструкцыя за тры месяцы

Экономика

У бліжэйшыя тры месяцы аб’ектам маштабнай рэканструкцыі стане торфабрыкетны завод «Хойніцкі». Аб тым, што канкрэтна закрануць змены, расказвае дырэктар прадпрыемства Ігар Міхайлавіч Тамко. 



– Штогод завод становіцца на так званы месячны рамонт. Сёлета ж тэрміны «будаўнічых рэформ» расцягнуты, гэта звязана са значным павелічэннем аб’ёмаў запланаваных работ. Так, пастаўлена задача за май-ліпень выканаць бягучы рамонт абсталявання, замяніць транспарцёр размеркавання прэсаў, мадэрнізаваць сыравінную бункерную з заменай пліт перакрыцця і ўмацавання апорных канструкцый, адрамантаваць сушылку № 2, замяніць кацёл з пераводам яго на фрэзерны торф і правесці рамонт дахаў будынкаў і збудаванняў. Словам, працэс выпуску прадукцыі  чакаюць унушальныя карэктывы, якія змогуць даць сур’ёзны штуршок вытворчасці. Стаўка робіцца ў першую чаргу на паляпшэнне якасці выпускаемай прадукцыі, зніжэнне энергазатрат і змяншэнне расходаў на бягучы рамонт зношанага абсталявання. На ўсе мерапрыемствы па рэканструкцыі затраціцца арыенціровачна 14 мільярдаў рублёў уласных сродкаў РПУП «Гомельаблгаз», у склад якога ў якасці філіяла ўваходзіць наш  ТБЗ.
Падкрэслю, што ў час рамонту на заводзе ўсе работнікі не адправяцца ў вымушаны водпуск, а застануцца пры справе, некаторыя часова будуць размеркаваны ў цэхі здабычы торфу або транспартны. Мы робім усё дзеля таго, каб рэканструкцыя не паўплывала адмоўна на работу калектыву.



Дарэчы, сёння ў нас на прадпрыемстве працуе 167 чалавек. Сярэдняя заработная плата – 3033000 рублёў. Выручка на аднаго працуючага летась склала 119 мільёнаў рублёў, селёта планка ўзнята да 196 млн. руб., а на наступны год запланавана лічба ў 257 мільёнаў рублёў. Мэта абазначана – будзем працаваць.
Колькасць атрымліваемай сыравіны плануем павялічыць за кошт будаўніцтва ў раёне вёскі Хвойнае 19 га палёў для здабычы торфу – найкаштоўнейшага карыснага выкапня нетраў нашай зямлі. Сёння ўся тэхніка ў стадыі гатоўнасці, галоўнае –  каб спрыяла надвор’е.



Ужо робяцца першыя практычныя крокі. Жаданага абнаўлення «дачакаўся» наш адміністрацыйны будынак, што па вул. Міру, 11 г. Хойнікі. Зараз тут кіпяць будаўнічыя работы, на якіх задзейнічаны спецыялісты падраднай арганізацыі ПВУП «Кліўрыст» з горада Светлагорска. Ужо памянялі вокны на пластыкавыя, цяпер займаемся дахам. У бліжэйшай перспектыве – унутранае аздабленне будынка і рамонт кабінетаў. Работы будуць завершаны да ліпеня. Упэўнены,  новы працоўны інтэр’ер будзе спрыяць новым вытворчым дасягненням нашых работнікаў. 



Запісала Наталля ЧЭКАН



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *