З дзяржавай быць заадно


Падобна рэнтгену дзейнічае старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар у час выезду штомесяц у вёскі ўзначальваемай ёй інфармацыйна-прапагандысцкай групы. Галіна Віктараўна імкнецца як мага глыбей зазірнуць у жыццядзейнасць насельніцтва, пачуць яго. Без дэталёвага разгляду не застаецца ні адно праблемнае, нават самае нязначнае, пытанне. На такую работу Г.В. Бондар нацэльвае і ўсіх выязджаючых у складзе групы прадстаўнікоў служб раёна.



У мінулую сераду ў Звеняцкоўскую сельскую бібліятэку-клуб мясцовых жыхароў прыйшло на сустрэчу няшмат, але гэты факт, як правіла, ніколі не ўплывае на працягласць размовы, не скарачае яе. Гаварыла Галіна Віктараўна не толькі ў межах абазначанай тэмы адзінага дня інфармавання насельніцтва –  экалогіі і добраўпарадкавання. Чым жыве раён, якія яго сацыяльна-эканамічныя поспехі – абавязковыя складаемыя выступлення перад насельніцтвам старшыні райсавета. Падзякавала людзям за разуменне ў справе збору сродкаў самаабкладання. У Паселіцкім сельсавеце на сённяшні дзень гэта сума з домаўладання самая высокая сярод сельсаветаў раёна – па 21 тысячы рублёў ужо выйшла сёлета. Давяла новыя правілы добраўпарадкавання. У гэтай справе жыхары з дзяржавай заадно павінны быць. На знос непрыгодных для жылля дамоў Паселіцкаму сельсавету прадугледжана сёлета 150 млн. руб. бюджэтных сродкаў. Прымножыць парадак на зямлі павінны і ўладальнікі жылых дамоў. Агароджа вакол іх з усіх бакоў, афарбоўка яе, а таксама франтону, аканіц дома – гэта на сумленні вяскоўцаў. Лепш не бутэльку гарэлкі купіць, а патраціць гэтыя грошы на набыццё фарбы.



Дарэчы, урон, які наносіць чалавеку спіртное, на сустрэчы не толькі словамі тлумачылі, але і пацвярджалі дэманстрацыяй відэафільма супрацьпажарнай тэматыкі, фотаздымкаў дэградзіраваўшых з-за п’янства асоб, вынікаў іх п’яных учынкаў у якасці вадзіцеляў. Адзначалася, што выраб і продаж самагону – гэта не толькі грэх па канонах царквы, але і караецца згодна з дзеючым заканадаўствам.



Абмеркаваны і прыняты на месцы рашэнні па ўзнятых праблемных пытаннях мясцовага маштабу. Час прыезду аўталавак падыходзіць не ўсім. Цяпер рабіць прыпынак вадзіцелі-прадаўцы будуць і каля мясцовай фермы. Указана на абавязковую наяўнасць цэнніка на завозімыя аўталаўкамі райпо тавары, на размяшчэнне вагаў не ў глыбіні аўталаўкі, а навідавоку, каб людзі самі бачылі вынік узважвання. Усе тавары павінны размяшчацца на паліцах, а не пад нагамі прадаўца.
Нараканні ў вяскоўцаў на якасць гучання перадач па лініі праваднога радыёвяшчання. На яе замену сродкі не прадугледжаны. У якасці альтэрнатывы ў ходзе сустрэчы людзям была прадэманстравана работа многаканальнага радыёпрыёмніка, які працуе ад электраразеткі. Сума яго набыцця ў РВЭС прымальная, не больш чым 90 тыс. руб. А вось колькасць абмежаваная – 20 адзінак.



Прагучала пажаданне памыцца ў мясцовай лазні, якая знаходзіцца на балансе КСУП «Веляцін» і патрабуе рамонту. Але аднаго пажадання тут мала. Як паказвае практыка адкрыцця лазні ў Велеціне, Храпкаве, людзі спачатку адстойвалі права памыцца, а цяпер не карыстаюцца ім. Каб не паўтарыць падобнае, пытанне неабходна вывучыць дэталёва, улічыць патрэбы кожнага звеняцкоўца, а потым прыняць граматнае рашэнне. Магчыма, выгадней ажыццяўляць камунальнай службе падвоз людзей у Веляцінскі вагон-лазню.
Акрамя таго, уздымаліся пытанні ліквідацыі падтапленняў агародаў, немагчымасці трапіць на прыём да стаматолага ў паліклініку ЦРБ, патраў на неагароджаных людскіх агародах па вул. Палёўка жывёлай мясцовай гаспадаркі.



Людскімі праблемамі члены групы пранікліся, у сваю чаргу папрасілі і іх на сваёй зямлі быць гаспадарамі. Сілы вяскоўцаў так патрэбны на добраўпарадкаванні мясцовых грамадскіх могілак. «Нікуды не варта няўвага да памяці сваіх продкаў. Тым больш, што арганізацыі з горада прыязджаюць на дапамогу, за дзяржаўныя сродкі драўляныя слупкі для ўстаноўкі агароджы набыты. Засталося толькі ўкапаць іх», – адзначыла на заканчэнне Г.В. Бондар.


Ірына ЛУКАШЭНКА.         



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *