Маладым давяраюць адказную працу на ферме

Сельское хозяйство

Максім Васільевіч Косараў  – самы малады загадчык малочнатаварнай фермы ў нашым раёне. І не толькі па ўзросту,  але і па стажу работы на гэтай пасадзе: да абавязкаў загадчыка Езапоўскай МТФ 23-гадовы Максім прыступіў толькі з 1 красавіка бягучага года. Але да гэтага ён працаваў ветфельчарам на Валоцкай ферме КСУП «Судкова» і паспеў зарэкамендаваць сябе не толькі ведаючым спецыялістам, але і добрасумленным, ініцыятыўным работнікам. Таму і даверыла яму кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства сваю самую сучасную і адбудаваную ферму.



За свае абавязкі новы загадчык фермы  ўзяўся, закасаўшы рукавы. З такім запалам прыступаюць да работы людзі, якім даўно ўжо хацелася праверыць сябе ў сапраўднай і самастойнай справе. Гэтае імкненне ў большай ступені ўласціва маладым, і можна толькі па-добраму пазайздросціць іх імпэту і здароваму славалюбству. Тым болей, што на цяперашняй Езапоўскай МТФ створаны ўсе ўмовы для плённай работы: абсталяванне тут самае новае і сучаснае, будынкі адпавядаюць  патрабаванням перадавых тэхналогій вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. І сёння Максім (цяпер ужо Васільевіч – субардынацыя патрабуе) без запінкі называе мне агульную колькасць пагалоўя (712 галоў), дойнага статка (383 каровы), колькасць цялят па ўзроставых групах. Акрамя вытворчых праблем, хвалюе маладога загадчыка МТФ, у падпарадкаванні якога працуе больш за два дзесяткі чалавек, як зрабіць так, каб іх аплата была па працы:



– Кожны ж па рознаму працуе, адзін душой хварэе за справу, другога трэба падганяць, а трэцяму і так добра, і так не пагана… Напэўна заахвочваць і караць будзем рублём, пры дапамозе каэфіцыента працоўнага ўдзелу.
А вось самога Максіма падганяць не трэба, бо ад раніцы да позняга вечару ў будні і ў святы ўвесь час знаходзіцца ён на ферме. А першым яго памочнікам з’яўляецца ветфельчар Сяргей Харламаў.  Вы бачыце, як умела і прафесійна ставіць ён разам з цялятніцай Аксанай Макарэвіч кропельніцу захварэўшаму маленькаму цялятку. Як і Максім, Сяргей таксама закончыў Рэчыцкі зоаветэрынарны каледж і мае намер паступаць у Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Дарэчы, Максім Косараў ужо навучаецца тут на ІV курсе завочнага факультэта. Так, здабываючы на практыцы прафесійны вопыт, а ў працэсе вучобы тэарэтычныя веды, і павінен фарміравацца сапраўдны спецыяліст.


Віктар НАЗАРАНКА.
 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *