Прафесія і прызванне


Быць на варце лесу – праца патрэбная, але ў той жа час цяжкая і часам нават небяспечная. Утрыманне лясных угоддзяў у належным парадку, канешне ж, заслуга ўсяго калектыву ДЛГУ «Хойніцкі лясгас». Аднак ёсць людзі, якія дзякуючы свайму шматгадоваму вопыту з’яўляюцца сапраўднай яго апорай, настаўнікамі для маладых, гатовымі заўсёды даць параду і ўласнай працай быць для іх прыкладам.



Менавіта такім чалавекам у лясгасе з’яўляецца Віктар Мікалаевіч Клапоўскі (на здымку),  ураджэнец Бранскай вобласці Расіі, выпускнік Бранскага тэхналагічнага ін-стытута, які працуе на Хойнікшчыне з 1988 года.  Пра яго можна сказаць, што не ён выбраў прафесію, а яна яго. Бо аддаў  працы ў лясной гаспадарцы 37 гадоў свайго жыцця, з якіх 23 гады складае няспынны стаж работы на пасадах, аднесеных да дзяржаўнай лясной аховы Рэспублікі Беларусь. З 2010 года з’яўляецца начальнікам аддзела лясной гаспадаркі лясгаса.
Работы многа:  захаванне і прымнажэнне лясоў раёна, лесакарыстанне, ахова лясоў ад пажараў і лясных парушальнікаў, лесагаспадарчая дзейнасць… Усё гэта – штодзённая карпатлівая праца, якую Віктар Мікалаевіч  выконвае  з гонарам, за што мае шэраг узнагарод. Ён – адзіны працаўнік у лясгасе, які ўзнагароджаны знакам адзнакі Міністэрства лясной гаспадаркі «20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь». Стаў лепшым па прафесіі і занесены на раённую Дошку гонару за паказчыкі, дасягнутыя ў 2012 годзе.



Але не дзеля ўзнагарод працуе гэты чалавек. Проста лес стаў сэнсам яго жыцця. Зрабіўшы свой выбар, В.М. Клапоўскі ні разу не пашкадаваў аб ім і зрабіў у жыцці тое, што павінен кожны – пабудаваў дом, пасадзіў не адно, а дзесяткі тысяч дрэў, разам з жонкай Алімпіядай Мікалаеўнай выхоўвае дачку Наталлю, якая вучыцца ў 9 класе гімназіі г. Хойнікі.  І пры гэтым усёй душой адданы сваёй другой радзіме, прыкладаючы ўсе сілы дзеля яе дабрабыту і росквіту.
Лес – наша багацце. Гэтая шаблонная фраза з гадамі не страчвае сваёй актуальнасці. Аднак з часам усё складаней абараніць зялёны набытак ад разбуральнага ўплыву «чалавечага фактара». Менавіта ў гэтым галоўная задача ўсёй сістэмы лясной гаспадаркі і лясгаса ў прыватнасці. І з гэтай важнай місіяй В.М. Клапоўскі паспяхова спраўляецца, ён шчыра любіць сваю справу і ўсведамляе важнасць сваёй дзейнасці. Але самае галоўнае, што такіх людзей, як ён, у нашай краіне ведаюць і цэняць. А гэта вельмі важна.



Клаўдзія БОСАК.
Фота Алены СМУСЯНОК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *