Як гэта было


На розных франтах Вялікай Айчыннай вайны мужна змагаліся з ворагам тысячы ўраджэнцаў Хойніцкага раёна. Яны абаранялі Маскву і Ленінград, удзельнічалі ў Сталінградскай і Курскай бітвах, вызвалялі родную Беларусь, народы Еўропы, бралі Берлін. Сярод удзельнікаў Берлінскай аперацыі  нашы землякі, якія ў гэтыя дні адзначаюць 64-ю гадавіну Вялікай Перамогі: Еўдакія Андрэеўна Сядова, Уладзімір Сцяпанавіч Клімянок, Васілій Сямёнавіч Гардзеенка. Тады, у далёкім маі 45-га, яны першымі даведаліся аб заканчэнні вайны, аб капітуляцыі Германіі. Як гэта было? 8 мая 1945 года ў Берліне, у прыгарадзе Карлхорст, у будынку былога ваенна-інжынернага вучылішча прадстаўнікі германскага галоўнакамандавання ў прысутнасці прадстаўнікоў Вярхоўнага Галоўнакамандавання савецкіх войск і прадстаўнікоў вярхоўнага галоўнакамандавання англа-амерыканскіх і французскіх войск падпісалі Акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі, выкананне якога пачалося з 24 гадзін 8 мая.

Гэта быў дакумент, прад’яўлены прадстаўнікам германскага вярхоўнага галоўнакамандавання і падпісаны імі, аб безагаворачнай капітуляцыі ўсіх нямецкіх узброеных сіл на сушы, на моры і ў паветры, якія знаходзіліся пад нямецкім камандаваннем, і спыненні ваенных дзеянняў з 23 гадзін 01 мінуты (па цэнтральна-еўрапейскаму часу) 8 мая 1945 года; поўным раззбраенні і перадачы ўсёй зброі і ваеннай маёмасці прадстаўнікам Саюзнага Вярхоўнага камандавання, забеспячэнні германскім вярхоўным камандаваннем выканання ўсіх далейшых загадаў, выдаваемых  Саюзным Вярхоўным галоўнакамандаваннем і Вярхоўным камандаваннем саюзных экспедыцыйных сіл.

Цырымонію падпісання Акта адкрыў Маршал Савецкага Саюза Георгій Канстанцінавіч Жукаў. На ёй прысутнічалі генералы, камандуючыя дзеяннямі савецкіх войск у Берлінскай аперацыі 1945 года, прадстаўнікі Саюзнага Вярхоўнага камандавання, прадстаўнікі Велікабрытаніі, ЗША, Францыі, а таксама савецкія і замежныя журналісты. Акт аб капітуляцыі германскіх войск засведчыў ліквідацыю гітлераўскага рэйха.

Капітуляцыя Германіі азнаменавала канец гітлераўскага фашысцкага рэжыму ў Еўропе, пераможнае заканчэнне барацьбы народаў Савецкага Саюза і Савецкай  Арміі ў імя абароны Радзімы, вызваленне народаў Еўропы, выратаванне сусветнай культуры і цывілізацыі.

Большая частка нямецкіх узброеных сіл выканала ўмовы Акта. Ухілілася ад капітуляцыі толькі нямецкая групоўка войск у Чэхаславакіі пад камандаваннем Шэрнера, якая імкнулася прарвацца на захад, каб пазбегнуць здачы ў палон савецкім войскам 1-га Украінскага фронта, наступаўшым на Прагу з поўначы, і войск 2-га Украінскага і 4-га Украінскага франтоў, якія наступалі на Прагу з усходу і паўднёвага ўсходу. Група Шэрнера была разбіта, і сталіца Чэхаславакіі  выратавана ад разбурэння. У баях за вызваленне Прагі вызначыліся гвардзейскія танкавыя злучэнні, якія наступалі на Прагу праз Дрэздэн і Рудныя Горы.

Гэтай аперацыяй закончылася Другая сусветная вайна ў Еўропе. 9 мая савецкія войскі вызвалілі сталіцу Чэхаславакіі – Прагу.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 мая 1945 года ў азнаменаванне пераможнага заканчэння Вялікай Айчыннай вайны і атрыманых гістарычных перамог Савецкай Арміяй, якія ўвянчаліся поўным разгромам гітлераўскай Германіі, устаноўлена свята Дзень Перамогі, якое адзначаецца 9 мая.

У дзяржавах-саюзніцах па антыгітлераўскай кааліцыі дзень 8 мая адзначаецца як Дзень Перамогі над гітлераўскім фашызмам.


М. СКРЫПЧАНКА, старшыня прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *