Патрабаванне часу

Экономика

Без укаранення ў вытворчасць новых тэхналогій сёння немагчыма дабіцца паляпшэння якасці выпускаемай прадукцыі, а значыць і паляпшэння фінансавага стану любога прадпрыемства. Разумеюць гэта і на Хойніцкім аўтарамонтным заводзе. Аб сённяшніх справах завадчан, іх планах і бліжэйшых перспектывах расказвае карэспандэнту «Хойніцкіх навін» дырэктар завода У.А. ХОРСУН.



– Уладзімір Аляксандравіч, якія віды работ выконвае зараз ваша прадпрыемства?
– Адзін з асноўных напрамкаў нашай работы – рамонт рухавікоў аўтамабіляў ГАЗ і УАЗ, і па гэтай пазіцыі нашымі заказчыкамі з’яўляюцца прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы з усёй краіны. Вырабляем агульнамашынабудаўнічыя дэталі для вытворцаў айчыннай дарожнай і сельскагаспадарчай тэхнікі ААТ «Амкадор», «СДН-Агра» і ПП «Агралогіка».
Акрамя таго, для насельніцтва рамантуем рухавікі легкавых аўтамабіляў, у тым ліку і іншамарак («Фольксваген», «Форд», «Опель» і інш.). Выконваем і такія віды работ, як расточка блокаў рухавікоў, шліфоўка галовак і каленчатых валаў, рамонтныя і зварачныя работы на алюмініевых дэталях.



– Наколькі Вы задаволены існуючай матэрыяльнай базай вытворчасці і што плануеце па яе мадэрнізацыі?
– Мадэрнізацыя – гэта не нейкая разавая кампанія або акцыя, гэта павінен быць пастаянны і няспынны працэс, без якога сёння нельга будаваць эфектыўную прамысловую вытворчасць. Таму і ў нас многае запланавана зрабіць у гэтым напрамку. Напрыклад, будзе ўстаноўлена сістэма лічбавага праграмнага кіравання (ЛПК) на фрэзерным станку ФП-17, закупляем мы і 3 новыя такарныя станкі з ЛПК, а яшчэ адзін такарны станок будзе мадэрнізаваны пад устаноўку гэтай сістэмы.
У маторарамонтным цэху будзе ўстаноўлена 11 адзінак новага станочнага абсталявання, якое паставіць нам РУП «Гомельскі завод станочных вузлоў». Менавіта гэтае прадпрыемства выйграла аб’яўлены намі адпаведны тэндэр.
Намечана і мадэрнізацыя двух стэндаў для балансіроўкі каленчатых валаў аўтамабіляў усіх марак. Плануем арганізаваць участак па рамонту дызельнага рухавіка Д-240 і яго мадыфікацый Д-243 і Д-245 для трактараў МТЗ.  Для гэтага будзем закупляць стэнды выпрабавання помпаў высокага ціску дызельных рухавікоў і фарсунак. Пад дызельныя рухавікі будзе пераабсталяваны і абкатачна-тармазны стэнд.



– Гэта рэальна ажыццявіма ў фінансавым плане?
– Наша прадпрыемства ўключана ў Дзяржаўную праграму па пераадольванню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2011-2015 гг., а таму ўсе работы і закупкі па мадэрнізацыі вытворчасці ў поўным аб’ёме будуць фінансавацца з чарнобыльскіх сродкаў.



– Новае абсталяванне запатрабуе і адпаведнай кваліфікацыі тых, хто будзе на ім працаваць…
– Будзем навучаць людзей на месцы, накіроўваць іх на вучобу, і, мяркую, што праблемы з гэтым не ўзнікне. Куды больш нас хвалююць цяжкасці з разлікамі з боку заказчыкаў і, у першую чаргу, прадпрыемстваў АПК. Чаму, напрыклад, КСУП імя Мележа заўсёды знаходзіць магчымасць адразу разлічыцца за выкананыя намі работы, а эксбаза «Стралічава», як у той прымаўцы, ужо тры гады не можа пералічыць 22 мільёны рублёў? Так і КСУП «Велікаборскі»  ўсё абмяжоўваецца адным «дзякуй» за пераабсталяванне ўстаноўкі для ўнясення вадкіх мінеральных угнаенняў. Агульная ж сума дэбіторскай запазычанасці складае 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў. На гэтыя грошы можна было б зрабіць многае…


Гутарыў Віктар  НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *