Падпісчыкі паднімаюць настрой

Год малой радзімы

Новы год – новая рубрыка. На старонках раёнкі мы вырашылі расказаць вам, паважаныя чытачы, пра нашых паштальёнаў, іх карысную і адказную працу.

Па магчымасці пастараемся нікога не абдзяліць увагай, ахапіць гарадскія і вясковыя аддзяленні паштовай сувязі. Спадзяёмся, што гэты новаспечаны праект выклікае ў вас інтарэс.

«Выйшла на падмену водпуску і засталася тут працаваць», – адзначае Ала Міхайлаўна Любанец, паштальён другога гарадскога аддзялення.

Ужо 16 гадоў яна радуе падпісчыкаў свежай прэсай, пісьмамі, ветлівымі зносінамі. Участак абслугоўвання немалы (пераважна прыватны сектар) – 11 вуліц (у тым ліку і Савецкая, дзе размешчана рэдакцыя «Хойніцкіх навін»). У дзень жанчына «намотвае» больш 5 кіламетраў – а гэта, на хвіліначку, сярэдняя дыстанцыя ў лёгкай атлетыцы. Канешне, стамляецца, але ж падзялілася, што сваю работу ні на якую другую не прамяняе. За што так любіць паштальёнскую справу? Усё проста: з-за спагадных і дружалюбных людзей, якія заўсёды паднімаюць настрой, калі на душы сумна.

Мне стала цікава, ці падабаецца Але Любанец увогуле чытаць газеты. Адказ паступіў такі: «Зразумела, чытаю з інтарэсам, патрэбна ж быць у курсе падзей. Асабліва прыемна бачыць на старонках нашай раёнкі знаёмых – адчуваю гонар за сваіх».

Вікторыя МАРОЗ. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *