Раўненне на герояў Перамогі


Рэспубліканская патрыятычная акцыя ДТСААФ  “Раўненне на герояў Перамогі” і патрыятычная Вахта “65 дзён памяці воінаў-пераможцаў”, прысвечаныя 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, стартавала ў нашым раёне. І гэта не выпадкова. У жніўні-снежні 1943 года савецкія войскі разгарнулі шырокамаштабную наступальную аперацыю па вызваленню левабярэжнай Украіны, Данбаса, Кіева і выхаду да Дняпра і Крыма. У ходзе яе было вызвалена 38 населеных пунктаў Гомельскай вобласці, у тым ліку і г. Хойнікі. Па сутнасці, з вызвалення Камарына і нашага горада пачалося вызваленне Беларусі.

У гады вайны на франтах, у партызанскіх атрадах і падполлі змагалася больш за 6 тысяч ураджэнцаў Хойнікшчыны. Гаспадаранне гітлераўцаў на нашай зямлі прынесла велізарныя страты. І самая вялікая – страта жыцця 2 тысяч мірных жыхароў. Больш за 5 тысяч хайнічан загінулі на франтах і ў партызанскіх атрадах. Раён перажыў не толькі жахі вайны, але і вогненны ўдар чарнобыльскай трагедыі. Усё гэта асабліва падкрэсліў, выступаючы на мітынгу, які адкрыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкома Ж.М. Чарняўская, каля помніка-Танка, намеснік старшыні Гомельскага абласнога савета ДТСААФ Р. Ф. Івончык.

На плошчу прыбыла калона аўтамабіляў з абрэвіятурай        “ДТСААФ”,  аўтобусы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і курсантамі  Гомельскага інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь. Пасля ўшанавання памяці загінуўшых у вайне мінутай маўчання дэлегацыі ад абласнога савета ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, савета ветэранаў ДТСААФ,  разлікі курсантаў, выстраіўшыся ў калону, усклалі да помніка вянкі і кветкі.

А потым калона ўдзельнікаў акцыі накіравалася да цэнтральнай плошчы горада, дзе жыхары змаглі паглядзець паказальныя выступленні роты Ганаровага каравула курсантаў інжынернага інстытута, моладзь сустрэлася з прыбыўшымі ад Гомельскага абласнога савета ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны: генерал-маёрам авіяцыі, заслужаным ваенным лётчыкам-выпрабавальнікам СССР, намеснікам старшыні абласнога савета ветэранаў вайны В.С. Шукшыным; палкоўнікам, членам абласнога савета ветэранаў вайны і абласнога саюза афіцэраў А.І. Піменавым; старшынёй абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі “Беларускі фонд міру” Ц.І. Глушаковым, палкоўнікам у адстаўцы А.М. Макаравым; ад ветэранаў абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ – палкоўнікам запасу, інструктарам малакалібернага ціра ПУП “Гомельскі стралкова-спартыўны клуб”, суддзёй нацыянальнай катэгорыі А.П. Нікалаевым; палкоўнікам у адстаўцы А.І. Фёдаравым; падпалкоўнікам у адстаўцы, неаднаразовым рэкардсменам свету, Еўропы, Савецкага Саюза, чэмпіёнам Савецкага Саюза і Беларусі па парашутнаму спорту, майстрам спорту міжнароднага класа, заслужаным трэнерам Савецкага Саюза і БССР І.В. Грабоўскім.

Паказалі сваё майстэрства матацыклісты (ПУП “Мазырская АШ” ДТСААФ), картынгісты (ПУП “Гомельская АШ” ДТСААФ). А артысты вакальна-інструментальнага ансамбля “Надзвычайная сітуацыя”  парадавалі слухачоў выдатнымі музычнымі нумарамі.

У раённым выканаўчым камітэце цёпла і сардэчна прыняў ветэранаў старшыня А.В. Бічан. Кіраўнік раёна расказаў, як сёння жыве і працуе Хойнікшчына, падзяліўся планамі далейшага развіцця раёна, адказаў на шматлікія пытанні паважаных гасцей. Са словамі ўдзячнасці за мірны сённяшні дзень, за неацэнны ўклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення да ветэранаў звярнулася начальнік аддзела па справах моладзі Н.В. Анісенка. На заканчэнне сустрэчы гасцям уручылі памятныя падарункі.


Уладзімір ДАЛГАЛЫЧАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *