Аднафамільцы – сямейныя дэбашыры

Законнасць і парадак

Аднафамільцы –  сямейныя дэбашыры


Уладзіміра Іванавіча Бондара і Васілія Уладзіміравіча Бондара  звязвае не толькі прозвішча. Абодва яны – маладыя людзі, 1972 і 1976 гадоў нараджэння,  ураджэнцы суседніх вёсак Глінішча і Тунеўшчына. Абодва злоўжываюць спіртнымі напіткамі, і па гэтай прычыне, а таксама на глебе рэўнасці здзекваліся са сваіх жонак. Таксама абодва асуджаны судом, панеслі пакаранне, прадугледжанае адным і тым жа артыкулам Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Прафесійнай мовай кажучы, абодва здзейснілі наўмыснае сістэматычнае нанясенне пабояў, не пацягнуўшых наступстваў, прадугледжаных арт. 147 і 149 (катаванне), гэта значыць злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 151 Крымінальнага кодэксу.


Следствам, якое вёў старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Міхаіл Якаўлевіч Заяц, устаноўлена, што У.І. Бондар падымаў руку на жонку на працягу мінулага і сёлетняга года тройчы, а В.У.  Бондар –  за гэты перыяд ажно 5 разоў. Апошні да таго ж пагражаў сваёй сужыцельніцы забойствам, і ў той меліся падставы  апасацца ажыцяўлення гэтай пагрозы. 



 М.Я. Заяц вырашыў не спыняцца падрабязна  на ўсіх эпізодах бытавога насілля, выяўленых у ходзе следства, а паразважаць аб  гэтай праблеме, якая на вялікі жаль, зусім нерэдкая ў сучасным свеце.
– Раней мужчыны жонак  білі час ад часу  таму, «што гаспадару ўсё можна». Цяпер жа  можна пабачыць паспяховых жанчын, якія, прыкрываючы хусцінкай падбітае вока, гавораць, што б’е муж з-за зайдрасці. А нерэалізаваныя амбіцыі ў людзей  ад прыроды агрэсіўных, нярэдка выліваюцца ў дамашняе насілле.  Са злосці за ўласную жыццёвую незадаволенасць лупяць і жанчын, і дзяцей. Маўляў, вось тут я моцны, хачу – па сценцы размажу, хачу – увогуле прыб’ю. Дамашнія тыраны ўпіваюцца сваёй уладай і страхам ахвяры. І не трэба ілюзій, ісціна старая як свет: калі адзін раз руку падняў, падыме і яшчэ. Адзіны варыянт такіх адносін – як мага хутчэй расставацца.



Міліцыя ў гэтыя справы не ўмешваецца, таму што ў 90 працэнтах выпадкаў праз пару дзён ахвяра насілля забірае заяву – памірыліся! Потым зноў крывёю ўмываецца, зноў заяву піша і зноў забірае, пакуль тыран яе не заб’е.



І забіваюць жа! Кожныя 40 мінут у свеце ад дамашняга насілля памірае жанчына. Штогод рэгіструюцца выпадкі, калі жанчыны, не вытрымаўшы пабояў, зводзяць рахункі з жыццём.



Жанчыны церпяць, таму што «няма куды ісці» і «ён усё ж бацька». Спачатку даруюць, таму што шкадуюць: «Ён выпадкова, ён жа кахае…»,  потым таму, што баяцца помсты. А іх маці і псіхолагі язык сцёрлі: калі на вас руку паднялі, уходзіць трэба адразу, бо гэта абавязкова паўторыцца. Не дзейнічае! Яны ахвяры абставін? Безумоўна! Але хто стварыў гэтыя абставіны? Як можна кахаць маральнага вырадка, які цябе збівае? Як можна нараджаць ад яго дзяцей, не маючы  шляхоў адыходу? Як можна трапляць да некага ў незваротную залежнасць, няхай гэты чалавек хоць і тройчы каханы!



А можа справа ў менталітэце? У тым, што ў крыві народная мудрасць: «Бі бабу молатам, будзе баба золатам»? Соль гэтай прымаўкі не ў садызме, а ў законах патрыярхальнай сістэмы: мужчына абавязаны быць здабытчыкам, ён у адказе за ўсё, нават і за жонку, якая ні за што не адказвае. Зручна! Можа таму і пабоі церпяць? Бо быць ахвярай прасцей, чым узяць сябе ў рукі і пачаць поўнасцю адказваць за сябе. Галоўнае – разлічыць сілы.



Паўтаруся, я спачуваю жанчынам, якая ўсвядомлена або несвядома аказаліся ахвярамі збіванняў. Але, можа, выхад у тым, каб першапачаткова правільна расставіць прыярытэты? 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *