Трымаем сувязь


У сваёй дзейнасці супрацоўнікі міліцыі трымаюць сувязь з шырокай грамадскасцю, органамі выканаўчай улады на месцах. Яскравым прыкладам з’яўляецца работа ўчастковага інспектара, старшага лейтэнанта міліцыі Я.В. Уласенкі ў Барысаўшчанскім сельскім Савеце. Апорны пункт правапарадку знаходзіцца ў памяшканні сельвыканкома і ўсе пытанні, якія датычаць грамадскага парадку, участковы аператыўна вырашае з яго старшынёй  А.У. Сташкевіч.

У бягучым годзе актывізавалася тут работа камісій па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, па справах непаўналетніх. За неспрыяльнымі сем’ямі, якіх на тэрыторыі Савета тры, замацаваны дэпутаты. Раз у тыдзень яны бываюць у гэтых сем’ях. Добраахвотную народную дружыну, у якую ўваходзіць адзінаццаць чалавек, узначальвае старшыня сельвыканкома. Стараецца Алена Уладзіміраўна, каб гэтае грамадскае фарміраванне дзейнічала плённа.  Надзейнымі памочнікамі камандзіра дружыны з’яўляецца моладзь, у прыватнасці вадзіцелі КУП “Аравічы” У.У. Гарашчанка і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях С.В. Гушча.

У мінулы аўторак кіраўніцтва РАУС правяло вечар-партрэт, запрасіла старшыню Барысаўшчанскага сельвыканкома ў аддзел, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы перад асабовым саставам  намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадраваму забеспячэнню Д.А. Толмач уручыў А.У. Сташкевіч Падзяку за садзейнічанне і аказаную дапамогу ў падтрыманні грамадскага парадку на тэрыторыі Барысаўшчанскага сельскага Савета, а таксама кветкі і памятны падарунак.


 Уладзімір СЯМЕНАЎ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *