Школьныя годы цудоўныя…

Общество

Сёння – Дзень сустрэчы выпускнікоў. Яркая падзея!

Гэта ўспаміны пра школьныя свавольствы і моцную дружбу, добрых настаўнікаў і першы званок, разбітыя вокны і першую пяцёрку, важныя іспыты і хвалюючы выпускны вечар. Гэта магчымасць убачыцца з аднакласнікамі і расказаць навіны пра сябе, разам пераглядзець старыя фотаздымкі і ўзгадаць безклапотнае дзяцінства і вясёлае юнацтва.

Шмат цікавых успамінаў у тых, што вучыўся ў школе ў савецкія часы. Калі была адзіная школьная форма і, каб вылучыцца сярод аднакласніц, дзяўчынкі прасілі сваіх матуль навязаць карункавыя каўнерыкі. Часы, калі самыя першыя радкі ў чытанкі былі такімі: «Сёння ты пачынаеш свой шлях у выдатную краіну – краіну ведаў! Ты навучышся чытаць і пісаць, упершыню напішаш самыя дарагія і блізкія для ўсіх нас словы: мама, Радзіма, Ленін». Пад поглядам Ільіча праходзіла школьнае жыццё, ён «сачыў» за дзецьмі з акцябрскага, піянерскага і камсамольскага значка. Часы, калі грамадска карысная праца ўсюды ставілася на першае месца.

Кожны савецкі школьнік павінен быў быць гатовы стаць на абарону сваёй Радзімы. У школах вялікая ўвага надавалася ваеннапатрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Штогод арганізоўваліся агляды мастацкай самадзейнасці, урокі ваеннай справы, ваенна-спартыўныя лагеры, у прыватнасці славутая «Зарніца».

У вучняў былі прасценькія сшыткі без малюнкаў і ў якіх палі трэба было чарціць самім, вокладкі для кніг, трафарэты… Многія ўзгадаюць бурштынавага колеру, духмяныя, рассыпістыя коржыкі ў сталоўцы!

Не хопіць і ўсёй газеты, каб пералічыць усе яркія моманты, якія звязаны з цудоўнымі школьнымі гадамі. У кожнага яны свае. Але сёння выдатная нагода пераглядзець свае фотаальбомы і адправіцца ў падарожжа па хвалях памяці. Няхай вашы фатаграфіі той эпохі падараць шчырыя ўсмешкі.

Наталля ЧЭКАН.

Фота даслала Святлана Гарох (СШ № 1 г. Хойнікі, 1982 год).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *