Залікоўка Івана Паўлавіча Мележа

Общество

Учора споўнілася 98 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Я. Коласа, ураджэнца вёскі Глінішча Хойніцкага раёна Івана Паўлавіча Мележа.

Адна з экспазіцый літаратурнага музея пісьменнікаў Гомельшчыны, які створаны ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І. Леніна, прысвечана нашаму земляку.

За шклом глянцавай шафы ўвагу наведвальнікаў прыцягвае, на першы погляд, непрыкметная, шэрага колеру заліковая кніжка будучага народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Але ж яна распавядае пра адзін з самых драматычных і няпростых перыядаў. У 1939 годзе Іван Паўлавіч паступае ў надзвычай прэстыжную вышэйшую навучальную ўстанову – Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. Аднак з першага курса І. Мележ быў прызваны ў Чырвоную Армію, а з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны адправіўся на фронт. У чэрвені 1942 года атрымаў цяжкае раненне і пасля лячэння быў накіраваны ў тыл. Да 1943 года ён жыў у Арэнбургскай вобласці, працаваў выкладчыкам ваеннай падрыхтоўкі ў эвакуіраваным сюды Малдаўскім педагагічным інстытуце і адначасова вучыўся на яго філалагічным аддзяленні.

У маі 1943 года Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт аднавіў сваю работу ў падмаскоўнай станцыі Сходня. Запісы ў заліковай кніжцы сведчаць, што 1 кастрычніка 1943 года Іван Мележ паступіў на III курс філалагічнага факультэта БДУ. У дакумент былі перанесены адзнакі з даведкі, выдадзенай Малдаўскім педагагічным інстытутам. З іх бачна, што малады франтавік быў вельмі руплівым студэнтам: усе вытрыманыя ім выпрабаванні здадзены на «выдатна». За час вучобы І.П. Мележ вывучаў такія прадметы: антычная, сярэднявечная, старажытная руская літаратура і літаратура эпохі Адраджэння; тэорыя літаратуры, уводзіны ў мовазнаўства і рускі фальклор; старажытнаславянская, руская і нямецкая мовы; усеагульная гісторыя і гісторыя СССР, асновы марксізму-ленінізму; псіхалогія і гісторыя педагогікі, а таксама ваенную падрыхтоўку. У БДУ Мележ вучыўся таксама выдатна.

Улетку 1944 года Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вестка аб вызваленні сталіцы Беларусі хутка абляцела студэнтаў БДУ. 3 ліпеня 1944 г. у самым вялікім пакоі «сходзенскага ўніверсітэта» адбыўся мітынг, на якім выступіў І.П. Мележ. Увечары студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта выправіліся ў Маскву, каб паглядзець салют у гонар вызваліцеляў Мінска. А ўжо ў кастрычніку 1944 са Сходні ў Мінск адправіўся эшалон са студэнтамі і выкладчыкамі. У ім знаходзілася таксама вучэбнае і навуковае абсталяванне. Аўтарытэт І. Мележа сярод студэнтаў і выкладчыкаў быў настолькі высокім, што менавіта ён, студэнт IV курса, быў прызначаны начальнікам эшалона.

2 лістапада 1944 г. адбылася партыйная нарада з павесткай дня: 1) «Аб задачах партарганізацыі БДУ ў сувязі з аднаўленнем працы ўніверсітэта ў г. Мінску» (дакладчык – рэктар П.П. Савіцкі); 2) «Аб удзеле ўніверсітэта ў аднаўленні Мінска» (дакладчык – сакратар партбюро І.П. Мележ). На працягу двух месяцаў студэнты і выкладчыкі самааддана працавалі, расчышчалі тэрыторыю Універсітэцкага гарадка ад завалаў, прыводзілі ў парадак будынак фізмата і дом па Віцебскай, 9 для вучэбных заняткаў, адрамантавалі інтэрнат на Нямізе для студэнтаў – інвалідаў вайны і былых партызан. Былі зроблены лаўкі для аўдыторый і стэлажы для бібліятэкі.
Іван Паўлавіч пераходзіць на стацыянарную форму навучання, а праз год заканчвае ўніверсітэт з так званым «чырвоным» дыпломам і накірункам да аспірантуры.

Па заліковай кніжцы можна прасачыць, як упарта і старанна просты сялянскі хлопец з беларускага Палесся ішоў да сваёй патаемнай мары – стаць пісьменнікам. Паставіўшы перад сабой мэту, Іван Паўлавіч нават у вельмі цяжкі для сябе і сваёй радзімы час, крок за крокам рабіў усё мажлівае для яе выканання.

Вызначальнай прыступкай лесвіцы да прафесійнай пісьменніцкай славы ён бачыў у абавязковым авалоданні ведамі. І, калі надарылася гэтая магчымасць, выкарыстаў яе з максімальнай карысцю. Усяго праз дваццать гадоў Іван Паўлавіч увойдзе ў беларускую літаратуру як няпераўзыдзены пясняр Палесся, адчыніўшы дзверы ў гэты ўнікальны куток усяму свету, сапраўдны народны пісьменнік, пісьменнік свайго народа, сваёй зямлі.

В. МАРОЗАЎ,
бібліятэкар 2-й катэгорыі аддзела краязнаўства
Гомельскай абласной бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *