Зусім не нудная прафесія

Общество

Калі спыніць на вуліцы выпадковага чалавека і запытацца, якія ён назаве цікавыя прафесіі, наўрад ці вы пачуеце ад яго спецыяльнасць бухгалтара.

Але не ў выпадку нашай гераіні – жыхаркі в. Казялужжа Ганны Юліянаўны Раманчык. Яна прысвяціла сваёй прафесіі – як раз бухгалтара – 30 гадоў, з іх 20 – у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. І гэта яшчэ не мяжа. За бездакорную працу летась імя Ганны Раманчык занесена на раённую Дошку гонару.

Увогуле, завяршыўшы навучанне ў восьмым класе, дзяўчына менш за ўсё меркавала везці дакументы менавіта на гэту спецыяльнасць. Наперадзе малявала ў фантазіях нешта больш артыстычнае, таму што добра трымалася на публіцы, вяла мноства мерапрыемстваў і свят у роднай школе.

На жаль, юнацкія планы парушыла трагедыя – менавіта ў гэты год здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, вяртанне дадому было туманным. З-за гэтага бацькі параілі выбраць больш зямную і хлебную, як самі меркавалі, прафесію – бухгалтара. 1 верасня 1986 года Ганна пайшла на лінейку ў Бабруйскі сельскагаспадарчы тэхнікум.

Першае месца работы было ў Тульгавічах, а пасля яго ліквідацыі – працавала галоўным бухгалтарам у ДТСААФ. З тых часоў у Ганны Юліянаўны застаўся на памяць неад’емны атрыбут кожнага савецкага фінансіста – лічыльнікі. Узгадваеце такія – з нанізанымі на спіцы драўлянымі бусінамі ў высокай рамцы? Такі рарытэт і сёння побач з бухгалтарам. Але не як карысны дапаможнік, а ў якасці напаміна пра юнацтва.

Ганна Юліянаўна Раманчык – адна з нямногіх прадстаўнікоў сваёй прафесіі, якая не-не ды на хвілінку адарвецца ад напружаных вылічэнняў у камп’ютары, возьме ў рукі лічыльнікі і пастрыкае хвілінку, каб вочы адпачылі ад яркага святла манітора. Гэта схільнасць засталася на доўгія гады з прафесіяналам сваёй справы – у аддзеле ў абавязкі бухгалтара ўваходзіць улік матэрыяльных каштоўнасцяў.

У вольны час жанчына захапляецца зусім не строгімі вылічэннямі: любіць падарожжы, асабліва на марское ўзбярэжжа, а яшчэ выдатна вышывае і захапляецца выпечкай. Яднанне з прыродай дапамагае крыху адысці ад строгай і адказнай работы бухгалтара, каб затым з большым ірвеннем прыступіць да штодзённых прафесійных абавязкаў.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *