Эрудзіраваныя, інтэлектуальныя


У кожнай навучальнай установе сярод вучняў заўсёды ёсць такія, хто не абмяжоўваецца школьнай праграмай. Цікаўныя, дапытлівыя, удзельнікі шматлікіх конкурсаў і віктарын. У гарадской сярэдняй школе № 3 іх вельмі многа, самыя  таленавітыя ўваходзяць у навуковае таварыства вучняў “Крок у будучыню”.Яно было створана чатыры гады таму назад. Зараз яго актывістамі з’яўляюцца 40 вучняў рознага ўзросту.
Вядзецца “Кніга гонару”, старонкі якой штогод папаўняюцца імёнамі новых “зорачак” – гэта аўтары даследчых работ , пераможцы раённых, абласных, рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў, аглядаў.

Насычаным, цікавым было заключнае ў гэтым годзе пасяджэнне навуковага таварыства. Адкрылі яго вучні малодшых класаў. У ходзе мерапрыемства заслуханы работы на разнастайныя тэмы: аб вусатых-паласатых, казачных персанажах, здароўі і іншыя, якія падрыхтавалі прадстаўнікі сектара “Ноушата”. Вельмі цікава аб з’яўленні жыцця на зямлі расказаў Дзмітрый Шаціла .

Выступаючыя былі заахвочаны апладысментамі, “медалямі” і салодкім падарункам – тортам. Затым дзеці прадэманстравалі эрудыцыю, адказваючы на шматлікія, трэба адзначыць, зусім нялёгкія пытанні. Пасля самыя актыўныя аб’ядналіся ў дзве каманды “Даследчыкі” і “Знатакі” і спаборнічалі за званне лепшага.

Затым інтэлектуальныя баталіі разгарнуліся сярод вучняў старэйшых класаў. Яны прадставілі ўвазе прысутных свае даследчыя работы. Пераканаўча прэзентаваў сваю работу пад назвай “Багацце расліннага і жывёльнага свету ў “Казках жыцця” Якуба Коласа” Аляксей Лабада. Выдатна справіўся з раскрыццём тэмы “Спецыфіка фальклорнага эпітэту ў рускіх былінах” Максім Зубок. Аб цікавых гістарычных фактах прысутныя даведаліся з навукова-доследных работ “Хатні вясковы посуд” Юліі Дзерман і “Старажытнарускія ўпрыгожванні” Анастасіі Лапуста і Юліі Прыходзька.

Цікавае падарожжа па Велікабрытаніі здейснілі слухачы разам з Ягорам Карасём. Дапоўнілі яго пазнавальнай інфармацыяй аб рысах характару і звычках англічан Таццяна Кісель і Анастасія Каральчук. На асаблівасцях англійскіх прозвішчаў спынілася Людміла Камеш. Ноткі філасофіі ўклала ў сваю работу “Таццяна Ларына вачыма маіх сучаснікаў” Анжэліка Мекіна. З вялікай цікавасцю слухалі прысутныя выступленне  Юліі Салянка на тэму “Тайна возера Лах-Несс”. Сур’ёзныя пытанні ў сваёй даследчай рабоце “Шкода радыяцыйнага выпраменьвання вакол нас” узнялі Генадзій Нямірскі і Ян Куніцкі, аб шкодзе выхлапных газаў расказала Мальвіна Курэнь. Вялікую ўвагу слухачоў заслужыла тэма Артура Сыраквашы “Анабасіс Аляксандра Вялікага: Асада Ціра”. Адначасова з выступленнямі рабят на вялікім экране дэманстраваліся тэматычныя слайды.

У адрас выступаючых прагучалі словы падзякі ад кіраўніка навуковага таварыства Н.І. Шаціла і дырэктара школы С. М. Зубка. Усім вучням, якія абаранялі работы, за праяўленую актыўнасць і творчасць у даследчай дзейнасці былі ўручаны “медалі”.

Яскравым быў апошні конкурс “Самы разумны”. Удзел у ім прынялі Святлана Паламошына, Юлія Судзенка, Юлія Бордак, Марыя Гуцава, Юлія Валочка, Кацярына Новік, Юлія Салянка, Кацярына Алейнік, якія на практыцы паказалі высокі ўзровень ведаў, кемлівасць і здзівілі прысутных сваёй інтэлектуальнай падрыхтоўкай. Ім прадстаяла спаборнічаць у чатырох этапах . На першым этапе дзяўчынкам трэба было за мінуту даць лаканічны дакладны адказ на пытанне “Для чаго мне патрэбны веды?”. На другім – адказаць на пытанні з любой выбранай імі катэгорыі. Адзін з самых складаных быў трэці этап: канкурсанткі павінны былі перавесці словы з замежных моў на рускую. Але і з гэтай задачай удзельніцы конкурсу справіліся выдатна. Завяршылася спаборніцтва знатакоў адказамі на пытанні па тэмах, якія раней для сябе выбралі разумніцы. Усе былі дастойныя перамогі, але самай разумнай аказалася Марыя Гуцава(на здымку).
Яна стала ўладальніцай галоўнага прыза – статуэткі-кошкі – сімвала мудрасці. Дырэктар школы ўсім удзельніцам уручыў граматы і пажадаў поспехаў і новых дасягненняў.



 Наталля ЧЭКАН.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *