У рытме зладжанага канвеера

Сельское хозяйство

У рытме зладжанага канвеера



На палях раёна пачалася масавая ўборка азімага рапсу. Нягледзячы на зацягнутую зіму, гэтая сельскагаспадарчая культура ў цэлым нядрэнна перазімавала на палях раёна. Дзякуючы своечасова праведзенаму комплексу агратэхнічных мерапрыемстваў па догляду за пасевамі, у пачатку лета парадавала земляробаў дружным і багатым цвіценнем. І ўжо з канца мінулага тыдня аператыўныя зводкі райсельгасхарчу штодня прыносяць усё новыя і новыя звесткі аб ходзе ўборачнай.


Па стану на 5 ліпеня яны былі такімі. Усяго па раёну з 3991 гектара ўбрана 1601 га, што складае 40 працэнтаў. Намалочана 3030 тон масланасення рапсу, сярэдняя ўраджайнасць складае 18,9 цэнтнера з гектара. Канешне, у далейшым усё можа здарыцца, але пакуль адзначым той факт, што гэтыя лічбы вышэй мінулагодніх. Больш таго, гэтыя паказчыкі дазваляюць нашаму раёну ўпэўнена ісці ў групе лідэраў рапсавага жніва ў вобласці.



Што датычыць лідэраў раённага спаборніцтва, то тут вызначаюцца КСУП імя Мележа, «Судкова» і «Аравічы». У апошняй гаспадарцы мы пабывалі 3 ліпеня разам з в.а. начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.В. Калыханам і галоўным аграномам С.А. Валкановічам. Па дарозе даведаўся многа новай і карыснай інфармацыі. Напрыклад, аб тым, што рапс не зусім звычайная культура ў тым сэнсе, што яго стручкі выспяваюць нераўнамерна: пакуль неабходныя кандыцыі спеласці набяруць стручкі ў ніжняй частцы расліны, верхнія і сярэднія стручкі ўжо могуць растрэскацца і масланасенне высыплецца на зямлю. Таму і апрацоўваюцца пасевы спецыяльным клеючым рэчывам як мінімум за два тыдні да ўборкі з тым, каб і верхняя частка раслін захавалася, і ніжняя даспела. У выпадку спякоты лепш працаваць у ранішні і вячэрні час, калі стручкі становяцца больш гібкімі і вільготнымі. Сёлета ў нашым раёне ўсе збожжаўборачныя камбайны, якія заняты на ўборцы рапсу, вядуць работы толькі спецыяльнымі «рапсавымі»прыстаўкамі. Яны дазваляюць захапіць фронт раслін не толькі знізу, але і з бакоў, стопрацэнтна вымалачваючы масланасенне ў бункер.


Усе гэтыя нюансы абавязкова ўлічваюць у сельгаспрадпрыемстве «Аравічы». Уборачныя работы тут вядуць у дзве змены 6 экіпажаў камбайнаў, гэтак жа ў дзве змены – і днём, і ноччу – не заціхаюць работы па ачыстцы і сушцы ўбранага масланасення на збожжатаку. А  наладжаны ўборачны канвеер працуе практычна кругласутачна.



Кожны экіпаж, заняты на ўборцы, мае ў кабіне камбайна спецыяльную папку, у якой дакладна распісаны ўмовы спраборніцтва, прэміравання, нормы выпрацоўкі і ўся іншая неабходная інфармацыя. Аб гэтым нам расказалі старшы камбайнер КЗС-10 С.Л. Грытчанка і камбайнер М.А. Талюк (на здымку). Для Сяргея Леанідавіча гэта ўжо юбілейнае 25-е жніво, а яго памочнік сёлета стаў выпускніком Лоеўскага педагагічнага каледжа і ў пачатку навучальнага года ў Віцьеўскай СШ яму будзе што расказаць сваім вучням.
Закончыць уборку рапсу ў «Аравічах», як і ва ўсім раёне, плануюць да канца наступнага тыдня. Ва ўсялякім разе такая пастаўлена задача. Па стану на 5 ліпеня тут убрана 265 гектараў з 738, намалочана 618 тон масланасення пры сярэдняй ураджайнасці 23,3 ц/га. Цвёрда прытрымліваюцца тут і іншых патрабаванняў сучасных тэхналогій земляробства. Як толькі вызваляецца зямля ад пасеваў рапсу, у работу неадкладна ўключаецца прэс-падборшчык для прасавання і вывазкі саломы. А потым па гэтых плошчах праходзіць дыскатар і, апрацоўваючы зямлю, правакуе рост пустазелля і падаліцы. Потым гэтыя расліны будуць заараны ў глебу і ў якасці седэратаў створаць самыя спрыяльныя ўмовы для правядзення азімай сяўбы. Такім чынам, ужо сёння механізатары раёна, вобразна кажучы, маюць магчымасць зазірнуць у будучую восень.



Віктар Назаранка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *