Падзвіжнік міласэрнасці


Падзвіжнік міласэрнасці


Менавіта так называюць Вячаслава Вячаслававіча Дзмітрыенку, загадчыка Глінішчанскай бальніцы сястрынскага догляду. І не выпадкова: больш за 20 гадоў яго жыцця аддадзена міласэрнасці, бо ў гэтай бальніцы, якая лічыцца лепшай сярод медыцынскіх устаноў нашага раёна, набылі прытулак адзінокія пажылыя людзі, і ўсе яны маюць патрэбу ў асаблівым доглядзе.



Пражываючыя ў бальніцы атрымліваюць не толькі гэты догляд і неабходныя медыцынскія паслугі, але і знаходзяцца ў атмасферы шчырых, сяброўскіх адносін з боку персаналу бальніцы, якую стварыў яе загадчык. На сённяшні дзень тут знаходзіцца 15 чалавек, з якіх 5 мужчын, самай старэйшай пастаялкай з’яўляецца былая жыхарка суседняй вёскі Рабец 94-гадовая  Ніна Іванаўна Касабуцкая.


В.В. Дзмітрыенка – ураджэнец вёскі Агароднікі Калінкавіцкага раёна. Заканчваў Мазырскае медыцынскае вучылішча. Спачатку працаваў фельчарам хуткай медыцынскай дапамогі ў Гомелі. Пасля службы ў арміі месцам работы выбраў вёску Глінішча таксама не выпадкова: ажаніўся з дзяўчынай са Слабажанкі. Людміла Аркадзьеўна таксама заканчвала Мазырскае медвучылішча і працуе ў  Глінішчанскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі медсястрой фізіятэрапеўтычнага кабінета.



В.В. Дзмітрыенка не толькі паспяховы ў прафесійнай дзейнасці, ён добры сем’янін, клапатлівы муж і бацька.  Разам з жонкай выхоўваюць двух дзяцей – 13-гадовага сына Іллю і 5-гадовую дачку Ксенію.
Сёлета міласэрная справа В.В. Дзмітрыенкі высока ацэнена – ён прызнаны пераможцам у індывідуальным спаборніцтве сярод работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна па выніках работы за 2012 год, яму прысвоена званне «Лепшы работнік аховы здароўя» з занясеннем на раённую Дошку гонару.


Калі спыталі ў Вячаслава Вячаслававіча, што асабіста яму дае яго праца, ён адказаў: «Маральнае задавальненне, бо са сваім узначальваемым калектывам выконваем важную справу – сацыяльна неабароненыя жыхары нашага раёна не застаюцца адзін на адзін са сваімі жыццёвымі праблемамі».


Клаўдзія Босак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *