Каб не ўзнікала пытанняў


Каб не ўзнікала пытанняў


Неадназначны рэзананс у грамадстве выклікала рашэнне ветэрынарнай службы краіны забараніць прыватным асобам, якія трымаюць свойскую жывёлу, яе забой  на ўласным падвор’і. Бясспрэчна, дзеючыя правілы і патрабаванні ветэрынарных і санітарных служб пры выконванні гэтай далікатнай, але ўсё ж неабходнай у гаспадарцы справы, захоўваліся не заўсёды. І ўсё ж варта прызнаць, што прынятае рашэнне стварыла дадатковыя цяжкасці і нязручнасці для людзей (асабліва для вяскоўцаў), найперш за ўсё – транспартныя. Як знайсці машыну на вёсцы ў гарачы ва ўсіх сэнсах летні час? Хто дапаможа гаспадарам-пенсіянерам загрузіць ў яе як мінімум 200-кілаграмовую свінку? А людзям працаздольнага ўзросту пасярод тыдня для гэтага неабходна было яшчэ і з работы адпрасіцца: не вечарам жа альбо ноччу везці жывёлу ў цэх забою…



Гэтае рашэнне адменена. Але забой жывёлы на ўласным падвор’і цяпер павінен ажыццяўляцца толькі ў прысутнасці ветэрынарнага работніка. Падрабязней аб гэтым расказвае в.а. галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Яўгеній Уладзіміравіч КРЫЖАНОЎСКІ.



– Пры забоі свіней на асабістым падвор’і неабходна за дзень да яго ажыццяўлення інфармаваць аб гэтым раённую ветэрынарную службу па тэлефоне 2-19-94. Узгоднім час працэдуры і накіруем на падвор’е свайго работніка. На месцы ён правядзе клінічны агляд жывёліны, зробіць яе тэрмаметрыю, засведчыць агульны стан яе здароўя. У яго абавязкі таксама ўваходзіць кантроль за захаваннем неабходных ветэрынарных і гігіенічных норм пры раздзелцы тушы.



Па заканчэнні працэдуры забою ветэрынарны работнік выпісвае даведку аб стане здароўя жывёліны перад забоем і правільнасці правядзення працэдуры.



Жыхарам сельскіх населеных пунктаў не абавязкова звяртацца ў раённую ветстанцыю – усю гэту работу могуць выканаць ветэрынарныя ўрачы альбо ветфельчары гаспадарак.
Працэдура гэтая платная, але каштуе не так ужо і многа – 32500 рублёў.



Прысутнасць ветспецыяліста на працэдуры забою не адмяняе неабходнасці даследаванняў унутраных органаў – існуе мноства захворванняў, устанавіць наяўнасць якіх адным толькі вонкавым аглядам немагчыма, для гэтага неабходна правядзенне лабараторнага аналізу. Нагадваю, што тушу для аналізу неабходна прывозіць папярэдне рассечанай на 4 часткі. У тым выпадку, калі свініна фізічнымі асобамі нарыхтоўваецца не для продажу, а для ўласных патрэб, аналіз унутраных органаў праводзіцца бясплатна.


Запісаў Віктар Назаранка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *