Пад асаблівы кантроль


Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 15 мая на сесіі прыняла Дэкрэт № 5, які прадугледжвае ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях”. – Папраўкі накіраваны на ўдасканальванне прававога рэгулявання пытанняў абароны дзяцей у неспрыяльных сем’ях, павышэнне адказнасці бацькоў, – зазначае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкоме А.С. Содаль. – Сур’ёзныя захады ў нашым раёне ў гэтым напрамку ўжо зроблены. Дэкрэт №18 ва ўсіх сэнсах “працвярэзіў нядбайных бацькоў: 48 дзяцей, якія былі змешчаны на дзяржаўнае ўтрыманне, вярнуліся ў свае сем’і.

Па стану на 1 мая гэтага года з моманту дзейнічання Дэкрэта №18 было адабрана 87 дзяцей з 37 неспрыяльных сем’яў. Судом пазбаўлены бацькоўскіх правоў 11 сем’яў у адносінах 18 дзяцей. За гэты час  знята з уліку 30 сем’яў, у якіх выхоўваецца 66 непаўналетніх. У раёне сфарміраваны банк даных дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.

Як падкрэсліла А.С. Содаль, цяпер у выпадках выяўлення рэальнай пагрозы здароўю і жыццю дзіцяці яго будуць  забіраць з неспрыяльнай сям’і – у той жа дзень.Такім чынам рэалізацыя Дэкрэта прадастаўляе магчымасць прымаць своечасовыя меры для выратавання дзяцей.

Як новаўвядзенне, згодна з Дэкрэтам № 5 будуць адабраны дзеці з неспрыяльных сем’яў не толькі жыхароў Беларусі, але і ў грамадзян, якія часова пражываюць на яе тэрыторыі або маюць від на жыхарства. І гэтая катэгорыя жыхароў абавязана будзе працаўладкавацца і пакрываць расходы на сваіх дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным утрыманні.

На шчасце, ёсць сем’і, якія аднаўляюцца ў бацькоўскіх правах,  стараюцца належным чынам выхоўваць сваіх непаўналетніх дзяцей. Аднак калі дзеці вяртаюцца ў сям’ю без аднаўлення бацькоўскіх правоў, то згодна з Дэкрэтам № 5 бацькі поўнасцю вызваляюцца ад платы за ўтрыманне  (па Дэкрэту №18 плата гэтая змяншалася ў дадзеным выпадку).

– Выкананне палажэнняў Дэкрэта № 5, – адзначае А.С. Содаль, – будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці ранняга выяўлення дрэннага сямейнага становішча і забеспячэнню своечасовай арганізацыі прафілактычнай работы з бацькамі.

Акрамя таго, у нашым раёне працягваецца работа па выяўленню асоб, абавязаных кампенсаваць расходы на ўтрыманне дзяцей. Зараз іх налічваецца 150 чалавек. Вызначаны прадпрыемствы для працаўладкавання абавязаных асоб: ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”, ДБУ-23, ДЭУ-45, ДЭУ-155, ПМС, дрэваапрацоўчы камбінат, хойніцкі леспрамгас, фабрыка мастацкіх вырабаў, райспажыўтаварыства, ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” і ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкома Л.У. Толмач, зараз на ўліку ў цэнтры занятасці састаяць 53 абавязаныя асобы.

Дэкрэтам прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць абавязаных асоб за ўхіленне ад працаўладкавання па судовай пастанове, скарэкціраваны парадак прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці за іншыя дзеянні, якія прывялі да невыканання штомесячных абавязацельстваў па кампенсацыі расходаў на ўтрыманне дзяцей.

Прадугледжана накіраванне абавязаных асоб, якія пакутуюць ад алкагольнай залежнасці і дапускаюць парушэнні працоўнай дысцыпліны, у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

Дэкрэт № 5 пачаў дзейнічаць з 18 мая  бягучага года.

 

Клаўдзія БОСАК.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *