Прыдамавая тэрыторыя – «як лялечка»

Добраўпарадкаванне

Прыдамавая тэрыторыя – «як лялечка»



Будзеце гуляць па нашаму гораду – абавязкова завітайце на вуліцу Жукава. Там знаходзiцца цуда-дворык, абсталяваны залатымi рукамi майстра-самавучкi А.Р. Балобана на пацеху дзецям i на здзіўленне дарослым.
Аляксандр Рыгоравіч Балобан – вельмі даўні сябар нашай газеты. Кожны год мы публікуем фотаздымкі  новых дзівосаў, якія ён стварае сваімі рукамі. У распараджэнні майстра цэлы арсенал сталярных інструментаў, усемагчымых прылад, каб вырабляць і ўдасканальваць прыгажосць з дрэва каля  шматкватэрнага дома № 9, дзе пражывае наш герой.



Вызначыць пад’езд, дзе знаходзіцца кватэра А.Р. Балобана, вельмі лёгка. Не заўважыць багацця і яскравасці дворыка проста немагчыма. 



Сваю прыдамавую тэрыторыю ўмелец зрабіў, кажучы простай мовай, «як лялечку», і аздобіў на свой густ па поўнай праграме. Таму ўдвая прыемней было завітаць да гэтага чалавека ў госці і падзівіцца новым вулічным упрыгожванням.



Спачатку жыльцоў пад’езда і гасцей сустракае бетанаваная шырокая дарожка, размаляваная рознымі фарбамі, абсаджаная  жывымі кветкамі паабапал. Каля пад’езду ўтульна размясціліся рознакаляровыя разныя лавачкі, акружаныя з аднаго боку густымі кустамі гартэнзіі, у якой кветкі як белыя шапкі,  і пладовымі дрэвамі – з другога боку. Уваходныя дзверы ў пад’езд акаймаваны мноствам дыпломаў: «Лепшы пад’езд горада-2008 г.», «Лепшы пад’езд-2010 г.», за перамогу ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў, аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння ў 2012 г. ? «Лепшы многакватэрны жылы дом».



Упэўнена, на гэтым хойніцкі ўмелец не спыніцца. Тым больш, што дапамагаюць яму ў добраўпарадкаванні дружныя суседзі. Хто не можа сілу прыкласці, той хоць слова добрае скажа.
Жанчыны абсаджваюць кветкамі тэрыторыю, а мужчыны ніколі не адмовяць, калі патрэбна падмога ва ўсталяванні фігур. Узаемаразуменне ў жыхароў другога пад’езду па вул. Жукава, 9 можна ставіць у прыклад. На дзвярах нават няма актуальнага дамафона. Тутэйшыя ўпэўнены, што з кепскімі намерамі чалавек сюды не зойдзе.



У гэтым годзе тэрыторыя каля пад’езда ператварылася ў міні-Дыснэйлэнд, не інакш. Цяпер проста паставіць прыгожыя разныя фігуркі для Аляксандра Рыгоравіча – не ўзровень. Трэба, каб казачныя персанажы яшчэ і рухаліся. Таму кожны вечар на чароўнай пляцоўцы каля другога пад’езду круціць педалі Воўк з мультфільма «Ну, погоди!». Дарэчы для гэтага мульцяшнага героя,  спецыяльна зняўшы меркі, пашылі адзенне: цяльняшку і шорты. Побач з Воўкам ліха наварочвае колы Алень, а блізка да іх задорна выстрэльвае вадзянымі струменьчыкамі фантан. І гэта яшчэ не ўсё!



За лавачкай на дрэве прымасціліся і прыгожы Паўлін, і Ліса з Варонай з аднайменнай байкі Крылова, месца хапіла нават Медзведзянятам, якія дзіўна падобныя на смешных мішак з карціны Шышкіна «Раніца ў сасновым лесе». На казырку пад’езда ўстаноўлена вялікая прыгожая мельніца, вечарам яна падсвечваецца рознакаляровымі агеньчыкамі.     



Як у нашай мясцовай славутасці хапае часу на выраб усёй гэтай прыгажосці, застаецца толькі здзіўляцца. Ды не толькі мне, але і прыезджым замежнікам, якія на розных мовах свету выказваюць шчырае здзіўленне.
Захопленыя погляды гасцей для Аляксандра Рыгоравіча не рэдкасць. Ён даўно прызвычаіўся да кампліментаў. З кожным годам колькасць добрых водгукаў толькі павялічваецца. Таму ўносім рацыянальную прапанову: Аляксандр Рыгоравіч, раім вам неадкладна завесці сваю кнігу водгукаў і прапаноў.



Уся прыгажосць каля шматкватэрнага дома патрабуе пільнай увагі, догляду. Пасля  зімы А.Р. Балобан пачынае аднаўляць форму фігурак, якая крыху парушаецца за халодныя месяцы, нанава фарбуе  ў  вясёлыя колеры. Гэтаму папярэднічае прасушка драўляных форм.   
Героя гэтых радкоў можна лёгка назваць стопрацэнтным гаспадаром: вырабы яго рук стаяць у двары, з яго пачыну непазнавальна змянілася ў лепшы бок    унутранае    аздабленне пад’езду – лесвічныя пралёты ператварыліся  ў размаляваны карункавымі ўзорамі калідор, тут і люстры с падсветкай, і карнізы з фіранкамі на вокнах. Кватэра А.Р. Балобана, дзе і мне пашчасціла быць госцем, не саступае па ўпрыгожваннях музейным залам. Амаль уся мэбля зроблена рукамі майстра.



Творы ўласных рук акружаюць Аляксандра Рыгоравіча і на рабоце. Сталяр райспажыўтаварыства, А.Р. Балобан і для гандлёвых пунктаў горада вырабляе мудрагелістыя малыя формы. Напрыклад, у супермаркеце можна пабачыць стол, апорамі для якога служаць бочачкі, падобныя на вінныя. На мае пытанні: «Як вы прыдумляеце такія прыкрасы? У спецыяльных часопісах шукаеце?», Аляксандр Рыгоравіч з усмешкай адказаў: «Зусім не. Раней яшчэ маляваў эскізы, а зараз і гэта залішняе. Цяпер адразу на бервяне пачынаю выразаць». А наконт новых планаў хойніцкі майстар не хвалюецца: ідэі навінак узнікаюць самі па сабе. Гэта нядзіўна, калі ведаць пра вопыт А.Р. Балобана. Настаўнік па прафесіі, ён з маладосці мае прызванне – здзіўляць людзей вырабамі сваіх рук. І ў яго цудоўна гэта атрымліваецца!



Сумаваць без справы мужчыне не даводзіцца. На першым месцы ў яго, вядома, стаяць прафесійныя абавязкі. Затым ? асабістае  захапленне сталярствам. Як сапраўдны творца, Аляксандр Рыгоравіч часам доўга чакае натхнення. Затое калі яно прыходзіць, адным прыгожым вырабам справа не абмяжоўваецца.Многіх казачных драўляных герояў перадаў А.Р. Балобан для ўстаноўкі на дзіцячай пляцоўцы ў мікрараёне «Юбілейны». Што ж, добры пачын, варты ўвагі і пераймання.



Алеся ЯЧЫЧЭНКА.





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *