Змяніў прафесію, але не прынцыпы

Год малой радзімы

Жыццё наша мае характар зменлівы. Можна пераехаць з аднаго месца на іншае, памяняць прафесію, але адно павінна зберагчыся – нашы прынцыпы, якімі кіруешся ў любых абставінах.

Для героя рубрыкі Мікалая Анатольевіча Сацуры гэта стала дэвізам.

Звычайна для такой гучнай тэмы мы карыстаемся парадамі караўнікоў ці імкнемся пазнаёміць чытачоў з асобамі, якія названы перадавікамі вытворчасці ў годзе папярэднім. На гэты раз кандыдатуру прапанавалі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. На працягу пяці гадоў там працуе рабочым па абслугоўванню збудаванняў М.А. Сацура. Сціплага і ветлівага чалавека паважаюць калегі, ды і пасля нашага знаёмства ён запомніўся толькі са станоўчага боку.

Ураджэнец в. Навасёлкі, у пачатку 2000-х ён разам с сям’ёў пераехаў жыць у Дворышча. Доўгі час працаваў у сельскай гаспадарцы жывёлаводам, але абставіны прымусілі змяніць прафесію. Затое сваім прынцыпам Мікалай не здрадзіў. І ў новай прафесіі прытрымліваецца таго ж – працавіты і сумленны чалавек, ён адказна ставіцца да сваіх абавязкаў.

У час усіх масавых мерапрыемстваў мужчына разам з іншымі работнікамі гаспадарчай групы аддзела манціруе сцэну (калі свята на вуліцы), на працягу ўсёй канцэртнай праграмы сочыць за бяспекай на ёй, а ў будні прыводзіць у парадак аб’екты культуры.

Да ненарміраванага раскладу рабочага дня ў сям’і ставяцца з разуменнем. Разам з жонкай Марынай Мікалай выхоўвае двух сыноў – 12-гадовага Арцёма і 6-месячнага Максімку. Пры ўзгадванні любімай сям’і ў мужчыны адразу быццам запальваюцца агеньчыкі ў вачах, з’яўляецца цёплая ўсмешка. Гэта дарагога каштуе.

Нягледзячы на занятасць, гаспадар у сваім домаўладанні паспявае і гаспадарку трымаць, даглядаць жывёлу, а ў цёплую пару года яшчэ і агарод садзіць: 20 сотак – не жарты! Хаця для працавітага Мікалая такія нагрузкі – звычка, проста дзень пачынаецца на гадзіну раней.

Здаецца, так няпроста стаць героем. У фільмах людзі ратуюць цэлыя гарады ад катастроф альбо тэрарыстаў. Але ў рэальным жыцці стаць сапраўдным героем не так праблематычна: рабі сваю справу сумленна, тады і павага людская гарантавана. Як у выпадку майго новага знаёмага Мікалая Анатольевіча Сацуры.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *