І на ферме, і на кап’ютэры

Сельское хозяйство

У эксперыментальнай базе «Стралічава» заатэхнік Ю.В. Гардзеенка адказвае за вельмі важны ўчастак работы – вядзенне камп’ютэрнай базы ўсяго наяўнага пагалоўя жывёлы.

А гэта значыць, што дзяўчына павінна заўсёды быць у курсе ўсіх расцёлаў, колькасці прыплодаў і падзяжоў жывёлы, пераводу асобных кароў з групы ў групу – адным словам, ведаць усё і аб усім грамадскім пагалоўі жывёлы.

А яно ў эксбазе немалое – 4342 галавы БРЖ. Юлія Вітальеўна наша, мясцовая. У 2013 годзе закончыла Казялужскую СШ, у тым жа годзе паступіла ў Рэчыцкі дзяржаўны аграрны каледж на спецыяльнасць «заатэхнія».

Пасля заканчэння каледжа, з кастрычніка 2017 года працуе заатэхнікам у эксбазе «Стралічава». Па словах галоўнага заатэхніка гаспадаркі Н.В. Карпавай, працуе старанна і адказна, своечасова і якасна спраўляецца з усімі заданнямі і даручэннямі.

Акрамя работы на камп’ютэры, Юлія выконвае вялікі аб’ём практычнай работы на фермах. Яна ж адказвае і за работу ветэрынарнай аптэкі гаспадаркі, а гэта таксама немалы ўчастак.

Дзяўчына задаволена тым, як сустрэлі яе ў эксбазе, яна атрымала ўсе належныя грашовыя выплаты, без праблем улілася ў працоўны калектыў. Не саромеецца звяртацца за дапамогай і добрай парадай да больш вопытных жывёлаводаў, ды і сама яна за гэты год з лішкам адчувальна вырасла ў прафесійным плане.
Далёка наперад Юлія Вітальеўна не загадвае, але яна зусім не супраць у далейшым звязаць свой лёс з эксперыментальнай базай «Стралічава».

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *