Перамены радыкальныя


Адлік сваёй гісторыі Хойніцкая нафтабаза вядзе з перадваеннага 1940 года. У той час гэта быў рэжымны аб’ект з ваеннай аховай, ад якога цалкам залежала забеспячэнне раёна аўтамабільным палівам і гаруча-змазачнымі матэрыяламі. У 1974 годзе тут прайшлі работы па праграме першай у гісторыі прадпрыемства рэканструкцыі, у ходзе якой былі ўстаноўлены дадатковыя рэзервуары, пракладзены новыя трубапровады, устаноўлены аўтаматычныя стаякі для заліўкі нафтапрадуктаў. Потым, у 1982 годзе, уступіла ў лік дзеючых сістэма ачысных збудаванняў, і пасля гэтага асаблівых маштабных пераўтварэнняў тут не назіралася.



Гады ішлі, абсталяванне старэла маральна і фізічна, і таму ў мінулым годзе на нашай нафтабазе нарэшце была пачата новая і карэнная рэканструкцыя. Аб тым, як яна праходзіць, калі закончыцца і што яна дасць прадпрыемству, расказвае майстар Хойніцкага наліўнога пункта РУП «Беларуснафта – Гомельаблнафтапрадукт» (так зараз афіцыйна гучыць назва гэтай арганізацыі) Дзмітрый Леанідавіч Барысенка.



– Работы пачаліся яшчэ ў мінулым годзе, тэрмін іх заканчэння – 31 снежня 2013 года, і з новага года мы адновім сваю работу на новым тэхналагічным абсталяванні і ў новых вытворчых памяшканнях. А завяршаючым акордам рэканструкцыі стануць работы па добраўпарадкаванню, якія будуць праведзены з надыходам веснавога цяпла і павінны завяршыцца да 1 мая.
Калі гаварыць пра сутнасць пераўтварэнняў, то можна сказаць так: яны будуць радыкальнымі і заменена будзе ўсё – і трубапровады, і некаторыя ёмістасці, і абсталяванне, і нават адміністрацыйна-бытавы корпус. Увесь вытворчы працэс будзе камп’ютарызаваны, і мы поўнасцю пазбавімся ручной працы. Нават спускацца ў ёмістасці рабочым болей не давядзецца для таго, каб вызначыць, колькі ў іх засталося паліва – усе замеры і вызначэнні будзе рабіць аўтаматыка. Такім чынам, мы ўжо не будзем залежаць ад славутага чалавечага фактару.



Зусім іншымі, намнога больш камфортнымі стануць і ўмовы работы аператараў і ўсяго іншага тэхперсаналу.
За гэты час выкананы велізарны аб’ём работ: дэманціраваны ўсе ранейшыя тэхнічныя збудаванні, заменена лінія электразабеспячэння, адрамантаваны ўсе рэзервуары, устаноўлена аўтаматычная сістэма наліўкі паліва, пракладзены водаправод, якога раней тут не было наогул, абсталяваны пляцоўкі для прыёму паліва з вялікіх бензавозаў, зараз яно будзе паступаць да нас не толькі ў чыгуначных цыстэрнах. Немалаважна і тое, што, нягледзячы на аўтаматызацыю і камп’ютарызацыю ўсіх вытворчых працэсаў, не будзе ніякага скарачэння штатаў і захаваюцца ўсе рабочыя месцы. Адзінае, што спатрэбіцца людзям – прайсці перанавучанне на нашым галаўным прадпрыемстве – РУП «Беларуснафта – Гомельаблнафтапрадукт».



Пабудаваны новыя ачысныя збудаванні, новы адміністрацыйна-бытавы корпус з душавымі, утульнымі раздзявалкамі, пакоямі для адпачынку, аддзеланыя самымі сучаснымі матэрыяламі. Усе гэтыя работы выконвалі многія арганізацыі, але асноўны іх аб’ём прыпадае на долю генеральнага падрадчыка – калінкавіцкага ТАА «Вега». Са спецыялістамі гэтай арганізацыі мы працуем не ўпершыню, з самага лепшага боку зарэкамендавалі яны сябе і ў час рэканструкцыі нашай аўтазаправачнай станцыі. Таму сумненняў у тым, што ўсё будзе зроблена якасна і ў тэрмін, у нас няма. Чакаць засталося нядоўга.


 


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *