Шчаслівыя разам

Людзі і лёсы

«Мы пазнаёміліся на танцах…» Менавіта з гэтай фразы пачынаюцца многія гісторыі кахання старэйшага пакалення. Клуб сапраўды быў самым папулярным месцам знаёмства. Нашы героі – Алег Леанідавіч і Ірына Аляксандраўна Барысенкі (на здымку) – яркае таму пацвярджэнне. Заўтра ў іх прыгожая гадавіна сямейнага жыцця – рубінавае вяселле.  Саракагадовы юбілей гаворыць аб тым, што блізкасць мужа і жонкі стала кроўнай, паколькі колер рубіну вельмі падобны на кроў.



Гавораць, кожны чалавек шчаслівы па-свойму: для кагосьці сэнс жыцця ў грашах, для некага – у кар’еры, іншыя знаходзяць яго ў бясконцай беганіне па свету. Для Барысенкаў слова «шчасце» з’яўляецца сінонімам слова «каханне», а сэнс жыцця – чалавек, разам з якім яны стварылі адзінае цэлае. Магчыма, у іх ёсць адметныя рысы, якія пакідае на іх тварах каханне. Або нейкае сваё ўнутранае выпраменьванне. Вось чаму ад іх я чакала не толькі цікавых жыццёвых гісторый, але і магчымасці спасцігнуць сакрэт сямейнага даўгалецця.



КАЛІ ІСКРА ПРАБЕГЛА…
– Абодва мы хойніцкія, адзін другога ведалі, і калі Алег запрасіў мяне на танец у РДК, я не надала гэтаму асаблівага значэння – ну, патанцавалі і няхай, – расказвае «рубінавая» нявеста Ірына Аляксандраўна. 
На той момант статны, прывабны юнак пасля атрымання дыплома ў Мінскім  інстытуце  механізацыі сельскай гаспадаркі працаваў у якасці маладога спецыяліста на рамонтным заводзе. А маладзенькая Ірына, якая нядаўна закончыла Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум, працавала ў банку. У іх завязалася дружба, сустракаліся, гаварылі аб усім: аб рабоце, аб родзічах, сябрах, аб тым, як прайшоў дзень. І аднойчы Ірына атрымала ад Алега вельмі адкрытае прызнанне: «Я кахаю цябе! Ты павінна быць маёй!».  Падобная заява не ўразіла дзяўчыну, вельмі паспешлівымі паказаліся ёй гэтыя словы – у 19 гадоў замуж не спяшалася, ды і  не любіла здзяйсняць неабдуманых учынкаў. Хаця заляцаўся Алег вельмі прыгожа: на кожную сустрэчу прыходзіў з букетам кветак або з цукеркамі. Ён у сваю чаргу не лічыў сваё прызнанне неразважлівым. Паглядзеўшы ў шчырыя вочы маладога чалавека, дзяўчына зразумела, што ён не жартуе і сур’ёзна намераны ажаніцца. Да таго ж хлопец «на выданні»: прыгожы, працуючы, далікатны, ветлівы – усё пры ім. Як тут устаяць? Справа за малым – зарэгістраваць адносіны. Такім чынам 11 жніўня 1973 года з’явілася новая ячэйка грамадства – сям’я Барысенкаў.    
– На адказны крок пайшлі, калі ўсвядомілі, што нягледзячы ні на што, зможам заўсёды і ва ўсім быць падтрымкай і апорай адзін для аднаго, – расказвае Ірына Аляксандраўна.
Гледзячы на рубінавых юбіляраў сёння, нават складана ўявіць, што ўсё магло скласціся зусім інакш – вельмі  ўжо ласкава глядзіць Алег Леанідавіч на жонку, як глядзеў на нявесту.



СЯМЕЙНЫЯ БУДНІ
Спачатку маладажоны жылі ў бацькоўскім доме Алега Леанідавіча, а потым  пачалі будаваць свой дом побач, па вуліцы Берагавога г. Хойнікі. І сёння, куды перабраліся ў 1979 годзе, ён прасторны і ўтульны, з усімі камунальнымі дабротамі. Але асаблівая гордасць Барысенкаў – падворак. Прыгажосць неапісальная!
– Шчыра любім людзей, абагаўляем прыроду радуемся жыццю і робім  усё магчымае, каб вакол нас было пабольш прыгажосці, каб наш двор радаваў вока, – зазначаюць у адзін голас юбіляры. – Засяляючыся ў дом, пасадзілі пладовыя дрэвы і квітнеючыя кустарнікі.
Ірына Аляксандраўна штогод высаджвае кветкі, ад іх двор напоўнены духмянасцю: вясной расцвітаюць рамонкі і браткі, летам набіраюць сілу пышныя геаргіны і лілеі, восень – час хрызантэм, астраў. І, канешне ж, самае галоўнае месца адведзена ружам – іх тут некалькі сартоў. Побач – цяплічка з памідорамі, на градках паспяваюць перцы, белакачанная і цвятная капуста, сабраны шчодры ўраджай клубніц…  Выйшаўшы на пенсію пасля 34-гадовай няспыннай працы ў ПМК райаграпрамтэхнікі эканамістам, Ірына Аляксандраўна з’яўляецца паўнапраўнай гаспадыняй свайго зялёнага царства.



 З дамашняй жыўнасці трымаюць трусянят, догляд за гэтымі звяркамі ажыццяўляе таксама Ірына Аляксандраўна, і курэй.
 Алег Леанідавіч справядліва мяркуе, што галоўнае ў жыцці – работа, што бяздзейнасць паскарае наступленне старасці,  а праца працягвае нашу маладосць. Лянота, як іржа, раз’ядае хутчэй, чым праца зношвае. Ён і зараз, знаходзячыся  на пенсіі, з’яўляецца  дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства «СПЕЦСлавія», якое спецыялізуецца на пашыве спецадзення для работнікаў, працуючых ва ўмовах павышаных тэмператур. Стварыў яго сын Дзмітрый, зараз намеснік дырэктара па вытворчасці.  І раней Алег Леанідавіч займаў у нашым раёне кіруючыя пасады – 10 гадоў працаваў дырэктарам прадпрыемства па выпрабоўванню сельскагаспадарчай тэхнікі на палях Хойніцкага, Брагінскага, Калінкавіцкага, Нараўлянскага, Светлагорскага раёнаў, калектыў спыніў сваю дзейнасць пасля развалу СССР. З’яўляўся галоўным інжынерам ПМК райаграпрамтэхнікі і райсельгасхарчу, дырэктарам торфабрыкетнага завода «Хойніцкі».
Вельмі ганарацца Барысенкі сваімі дзецьмі, якія раслі самастойнымі, здольнымі да вучобы. Сын Дзмітрый закончыў інстытут, дзе навучаўся бацька, дачка Аня набыла спецыяльнасць псіхолага ў Мінскім педагагічным інстытуце імя М.Танка, нядаўна выйшла замуж, жыве ў Маскве. Сын Дзмітрый падараваў бацькам унука Вячаслава.
А яшчэ Алег Леанідавіч – вельмі клапатлівы сын. Акружыў увагай сваю састарэлую маці – Станіславу Аляксандраўну, якая жыве побач, як кажуць, на адным агародзе. Вось і ў час нашай размовы, папрасіўшы прабачэння, накіраваўся да маці. Гэтак жа  клапатліва адносіцца да свякрові і Ірына Аляксандраўна.



РЭЦЭПТ МОЦНАГА ШЛЮБУ
Ва ўсе часы цанілася жаночая мудрасць. Гэта той шчыт, які аберагае сямейны ачаг ад знешніх абставін, засланяе ад цяжкасцей і дапамагае знайсці выхад з самай, здавалася б, безнадзейнай сітуацыі. Ірына Аляксандраўна – якраз з тых жанчын, чыя мудрасць захавала ў доме ўзаемаразуменне і гармонію.
На пытанне аб тым, у чым сакрэт сямейнага шчасця, Алег Леанідавіч і Ірына Аляксандраўна адказваюць так:
– Парады даваць цяжка – кожны бохан хлеба рэжацца па-свойму. Але нейкі рэцэпт усё ж ёсць. Галоўнае звязуючае звяно  ўсіх сем’яў – імкненне разумець адзін аднаго. Але ёсць адна ўмова, – зазначае Ірына Аляксандраўна, – гэта можна зрабіць толькі тады, калі чалавек табе сапраўды патрэбен, калі ты яго кахаеш.
– Мы так сышліся характарамі, – дапаўняе жонку Алег Леанідавіч, – што разумеем усё з паўслова. Сакрэту тут асаблівага няма – паважай сябе і сваю палавіну, працуй на дабрабыт сваёй краіны і сваёй сям’і – вось і ўся соль адносін. Мы 40 гадоў жывём душа ў душу, і дай Бог  так далей.
Расказваючы аб сям’і юбіляраў, адзначу і той факт, што яны не любяць умешвацца ў справы сяброў, суседзяў, аднак заўсёды гатовы аказаць пасільную дапамогу. Хутчэй за ўсё, па гэтай прычыне і цэняць іх, ідуць за парадай, дапамогай, простым, але такім патрэбным чалавечым саўдзелам.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *