Для такіх умоў – нармальна

Сельское хозяйство

Гаспадаркі раёна паступова завяршаюць уборку збожжавых і зернебабовых культур. Папярэднія вынікі мы папрасілі падвесці выконваючага абавязкі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандра Васільевіча Калыхана.



– Уборачная кампанія 2013 года істотна адрозніваецца ад папярэдніх як па тэрмінах, так і па ўмовах яе правядзення. На сёлетнім жніве, як ніколі раней, самым істотным чынам адбіўся негатыўны ўплыў умоў надвор’я. Усё пачалося яшчэ з мінулай восені, калі снег лёг на незамёрзлую зямлю, а пасевы азімых знаходзіліся ў стадыі вегетацыі ва ўмовах недахопу кіслароду. У зімоўку яны ўвайшлі без дастатковага запасу цукраў, якія забяспечваюць захаванасць і жыццядзейнасць раслін, а тут яшчэ і сакавіцкія снегапады ўнеслі свае карэкціроўкі, таксама не ў лепшы бок. Па гэтай жа прычыне зацягнуліся і тэрміны сяўбы яравых культур, а потым на стане пасеваў збожжавых адмоўна адбілася чэрвеньская засуха, перад стартам уборачнай яны выглядалі разрэджанымі, а спелае зерне з каласоў не выглядала важкім і па-сапраўднаму налітым.



Але і ў такіх умовах хлебаробы нашага раёна спрацавалі дастойна і арганізавана, і я не магу сёння выказаць ніякіх прэтэнзій ні да адной з гаспадарак. Належным чынам падрыхтаваная тэхніка адпрацавала без паломак і збояў, на ўзроўні была арганізацыя работ на палях, адвозцы і збожжатаках. Для людзей, занятых на жніве, былі створаны ўсе неабходныя ўмовы працы і быту (гарачае харчаванне, душавыя і інш.).
Атрыманыя паказчыкі (чакаем, што будзе намалочана 27 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 25 цэнтнераў з гектара) далёкія ад ідэальных і зусім не адпавядаюць нашым магчымасцям. Але і яны, дасягнутыя ў такіх няпростых, экстрэмальных умовах, таксама дарагога каштуюць.



Звярніце ўвагу на тое, як цікава ўсё заведзена ў прыродзе – у ёй заўсёды падтрымліваецца своеасаблівы баланс паміж пазітывам і негатывам. Напрыклад, недабралі мы сёлета збожжавых, аднак якая цудоўная ў гэтым годзе ўрадзіла кукуруза, што на зерне, што на сілас! Яе ўборку на зерне мы пачнём у пачатку другой дэкады жніўня і разлічваем у многім кампенсаваць недабор збожжавага валу.
Зараз жа асноўную ўвагу неабходна сканцэнтраваць на вывазцы з палёў саломы, лушчэнні ржышча і падрыхтоўцы глебы да сяўбы азімага рапсу. А там – не за гарамі і сяўба азімых збожжавых культур, яшчэ адзін важны і адказны экзамен для хлебаробаў.



Віктар НАЗАРАНКА. 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *