Знайшоў сваё месца ў жыцці

Сельское хозяйство

У 2013 годзе Васілій Цвірко закончыў 9 класаў Паселіцкай школы і адразу паступіў на спецыяльнасць «заатэхнія» Палесскага дзяржаўнага аграрнага каледжа імя У.Ф. Міцкевіча ў Калінкавічах.

Гады вучобы праляцелі непрыкметна і разам з асноўнай спецыяльнасцю заатэхніка Васілій атрымаў пасведчанні тэхніка-асемянатара штучнага асемянення кароў, а таксама трактарыста-машыніста катэгорыі «А». Са жніўня 2017 года ён працуе ў сельгаспрадпрыемстве «Аравічы». Хлопец актыўны, працавіты. Зараз ён на пасадзе памочніка брыгадзіра Храпкаўскага малочнатаварнага комплексу. А ў адсутнасці брыгадзіра яму даводзіцца і ўзначальваць гэты невялікі, але вельмі важны ў гаспадарцы калектыў.

Спакойны і вытрыманы, роўны ў адносінах з усімі, В.А. Цвірко карыстаецца аўтарытэтам сярод таварышаў па рабоце, паважае яго і кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. Работа хлопцу падабаецца, задаволены ён і ўмовамі пражывання – у вёсцы Барысаўшчына яму выдзелілі месца ў інтэрнаце, разлічаным на 5 маладых спецыялістаў. Але так атрымалася, што зараз там ён пражывае адзін. У дабротным доме з газавым ацяпленнем ёсць водазабеспячэнне, стацыянарны тэлефон, падключана сетка Інтэрнета.

Сярод яго захапленняў – тэхніка, рыбалка, цікавыя ролікі з ютуба, спартыўныя трансляцыі. Аднак, як прызнаўся сам малады чалавек, вольнага часу не так многа, як хацелася б – усё паглынае работа.

Аб сваім будучым грунтоўна Васілій пакуль што не задумваўся. Аднак сказаў, што яго дзяўчына зараз заканчвае тую ж самую адукацыйную ўстанову ў Калінкавічах і па той жа самай спецыяльнасці заатэхніка.

Так што па заканчэнні ёю каледжа ў нашым раёне будзе створана яшчэ адна прафесійная сям’я маладых заатэхнікаў. Дай бог, каб гэтыя планы збыліся.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *