«Уладар сяла-2013»

Сельское хозяйство

Ці змаглі б вы распілаваць бервяно і насекчы  дроў за пару хвілін? На вачах у мноства людзей на хуткасць пранесці ў чыгунках ваду і бульбу? З такімі складанымі іспытамі давялося сутыкнуцца сямейным парам на раённым этапе рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага конкурсу «Уладар сяла-2013», які прайшоў на адкрытай пляцоўцы перад Стралічаўскім цэнтрам вольнага часу. Было горача і ад спякотнага надвор’я, гарачыню надаваў і азарт, з якім удзельнікі выконвалі конкурсныя заданні. Яны з гонарам паказалі сябе і свае здольнасці перад строгім журы і гледачамі.  



Спаборнічалі жыхары чатырох сельсаветаў. Гэта сям’я Мікалая і Юліі Катлярчук з Судкова, якія выхоўваюць траіх дзетак – Аляксандру, Дзіяну і Дзмітрыя, сям’я Яўгенія і Таццяны Целеш з Глінішч, у якіх расце дачка Дар’я, сям’я Мікалая і Карыны Малянок з сыночкам Іванам з Велеціна, і сям’я Аляксандра і Наталлі Герасенка са Стралічава, якія з’яўляюцца бацькамі хлопчыкаў Уладзіслава і Максіма.



Канкурсантаў пад-трымлівалі землякі, якія прыехалі з плакатамі «пахварэць» за сваіх. На жаль, не кожны сельсавет змог накіраваць для ўдзелу ў конкурсе сямейныя пары: ці то засаромеліся самі ўдзельнікі, ці то не хапіла часу падрыхтавацца ім?
Каб вызначыць самых спрытных і знаходлівых гаспадароў, спатрэбілася правяраць удзельнікаў у сямі конкурсных этапах. Гаспадынькі паказалі кулінарныя і мастацкія здольнасці, падрыхтаваўшы выстаўкі сваіх страў пераважна беларускай кухні і падзелак, сярод якіх вызначаліся габелены, вырабы з паперы (у тэхніцы квілінг), бісеру, саломкі і інш. Іх ацэньвала журы пад старшынствам намесніка старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўскай. Кожная сям’я расказала пра сябе ў конкурсе «Давайце пазнаёмімся!». На фоне іншых удала выдзялялася сям’я Целеш з Глінішч, якая была апранута ў нацыянальныя касцюмы.



Месца спорту, як бачна было ў ходзе аднаго з заданняў, ёсць і ў хатнім гаспадарстве. Гэта даводзілі наступныя іспыты: жанчыны на хуткасць пераносілі чыгункі з дапамогай вілаў, затым пары спаборнічалі ў конкурсе «Лесаруб», які дапамаглі арганізаваць прадстаўнікі ДЛГУ «Хойніцкі лясгас». Балельшчыкі нават не паспявалі сачыць, як хутка муж і жонка з кожнай каманды пілавалі бервяно. Потым гаспадар адным звонкім ударам сякеры расколваў сухое дрэва, а гаспадыня хуценька складвала паленцы.
Адзін з захапляльных этапаў – «Сельскае раллі» – павесяліў гледачоў і дадаў вастрыні пачуццяў усім удзельнікам. Там пары дэманстравалі свае спрыт і знаходлівасць: мужу давялося, запрэгчыся конікам, везці жонку на двухколавай тачцы. Мяркуючы па выразах твараў жанчын-канкурсантак, уражанні ў іх сапраўды засталіся неза-быўныя.
Сельскае жыццё – багатая культурная крыніца. Традыцыі і абрады нашых продкаў успаміналі і на «Уладары сяла». Тут удзельнікі праявілі лепшыя якасці: забыўшыся пра канкурэнцыю, каманды разам абмяркоўвалі адказы на прапанаваныя пытанні і нават рабілі падказкі адзін аднаму.      


Апошні конкурс «Грай, гармонік, расказвай!» выявіў мастацкія таленты нашых маладых сем’яў: там і спявалі, і «Цыганачку» адплясвалі, і прыпеўкі выконвалі такія, што журы і гледачы «каталіся» ад смеху.
Кожнай з сем’яў-удзельніц можна ганарыцца. Пераможцамі ў прызавой намінацыі «Рамеснікі» назвалі сям’ю Целеш, «Гаспадынькай» выбралі Наталлю Герасенка, «Лесарубам» стаў Мікалай Катлярчук, «Шумахерам» цяпер клічуць Мікалая Малянка, да таго ж ён з жонкай Карынай прызнаны «Знаўцамі беларускіх традыцый і абрадаў».
Дыплом за актыўны ўдзел атрымала сям’я Катлярчук з Судкова, трэцяе месца заняла сям’я Герасенка са Стралічава, другімі сталі глінішчанцы Целеш. Пераможцам раённага этапа конкурсу «Уладар сяла» прызнана сям’я веляцінцаў Мікалая і Карыны Малянок ? самых маладых удзельнікаў. Дарэчы, яны 30 жніўня сёлета прадставяць наш раён на абласным этапе адпаведнага рэспубліканскага конкурсу.
Музычны фон для вясёлай карціны спаборніцтваў стваралі артысты мастацкай самадзейнасці раённага Дома культуры і цэнтра культуры  г. Хойнікі.



Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *