Ніва недахопы не хавае

Сельское хозяйство

У гаспадарках раёна пачалася нарыхтоўка кармоў для грамадскага статка. Гэтая тэма стала адной з галоўных, якія разглядваліся на раённым семінары з удзелам кіраўнікоў і галоўных інжынераў сельгаспрадпрыемстваў, спецыялістаў райсельгасхарчу. Месцам правядзення семінара стала эксбаза “Стралічава”, на палях якой удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з арганізацыяй корманарыхтоўчых работ, тэхналогіяй закладкі многакампанентных пашаў, ходам падкормкі пасеваў кукурузы вадкімі азотнымі ўгнаеннямі.

Перад паездкай па ўгоддзях гаспадаркі яе дырэктар І.А. Каральчук расказала аб задачах корманарыхтоўчага сезона, а галоўны эканаміст С.М. Турчына азнаёміла з умовамі аплаты працы. Адзначана, што работы, якія праводзяцца ў ранішнія часы (з 4 да 10 гадзін), павінны аплачвацца ў двайным памеры. Старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан падкрэсліў, што вельмі важна, каб інфармацыю аб усіх нюансах аплаты дакладна ведаў кожны заняты на корманарыхтоўцы работнік.

Першым аб’ектам, які наведалі ўдзельнікі семінара, стала закладка многакампанентных пашаў для жывёлы насельніцтва і дойнага статка эксбазы ў наваколлі вёскі Губарэвічы. Яшчэ ў пачатку вясны тут былі пасевы азімых для выпасу жывёлы. Пасля страўлівання тэрыторыю выгана паміж вёскамі Стралічава і Губарэвічы зааралі і пасеялі тут травяныя сумесі, заклаўшы тым самым пашу для жывёлы насельніцтва названых вёсак. Удзельнікі семінара адзначылі добрую якасць ворыва.

Астатнія тэрыторыі, раней занятыя азімымі пад выпас, выкарыстоўваюцца па-рознаму. На адных плошчах пасеяна пайза – перспектыўная кармавая культура, багатая бялкамі і пратэінам і якую за летні перыяд можна скошваць па 3-4 разы. На другіх азімыя пасля адрастання ў сумесі з травамі будуць выкарыстаны для закладкі ў траншэі. Аднак амаль на ўсіх гэтых плошчах восенню плануецца стварыць многакампанентныя пашы. Пры гэтым, як падкрэсліў старшыня райвыканкома А.В. Бічан, абавязкова павінна ўносіцца арганіка – бясплатнае, высокаэфектыўнае і ва ўсіх адносінах выгаднае пры сённяшняй дарагавізне ўгнаенне. 

Аднак стварэнне новых пашаў – гэта толькі палова справы. Для атрымання багатага травастою важна забяспечыць іх своечасовай, а галоўнае – якаснай падкормкай мінеральнымі ўгнаеннямі. У “Стралічаве” ўдзельнікі семінара наведалі месцы, дзе падкормка вялася разбаўленымі КАСамі і дзе травы выглядалі рэдзенькімі і слабымі. Ніва заўсёды высвечвае ўсе, здавалася б, надзейна прыхаваныя зямлёй недахопы ў рабоце.

Такі ж казус атрымаўся і з падкормкай пасеваў кукурузы. З-за таго, што сяўба вялася не прызначанай для гэтай культуры сеялкай, узніклі праблемы з унясеннем мінугнаенняў – агрэгат чапляў усходы.

На падвядзенні вынікаў семінара былі заслуханы кіраўнікі і спецыялісты агракамбіната “Віць”, ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” і КСУП “Велікаборскі”, якім на мінулым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта былі дадзены тэрміны выпраўлення недахопаў па падрыхтоўцы тэхнікі да корманарыхтоўчых работ. Як вынікала са справаздач, зроблена ў гэтым напрамку не ўсё, што патрабавалася. Прычыны называліся розныя, аднак корань у іх адзін – неарганізаванасць, безадказнасць, нізкая вытворчая і працоўная дысцыпліна.



Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *