Адукацыйныя стратэгіі раёна

Образование

29 жніўня адбылася раённая педагагічная нарада. Традыцыйна напярэдадні пачатку новага навучальнага года настаўніцтва сабралася на галоўны педсавет. Удзел у ім прынялі намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Ж.А. Ждановіч, галоўны спецыяліст Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза і навукі В.А. Аляксеенка,  намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская і пракурор раёна М.Л. Беларусаў.З дакладам на тэму «Адукацыйныя стратэгіі раёна: вынікі, праблемы, перспектывы» выступіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Л.Ф. Кулакоўская.



ДАШКОЛЬНАЯ АДУКАЦЫЯ
Паслугі па дашкольнай адукацыі ў раёне аказваюць 10 дзіцячых садоў і 4 вучэбна-педагагічныя комплексы. Наведваюць іх 872 дзіцяці. Агульны ахоп маленькіх жыхароў дашкольнай адукацыяй складае 99%, што вышэй на 11% чым летась.
Стаіць задача працягваць работу па ўкараненню новых форм арганізацыі дашкольнага выхавання. На сённяшні дзень створаны і працуюць 3 групы кароткачасовага знаходжання, 3 ясельныя групы, 2 – выхаднога дня, 9 – рознаўзроставых ва ўсіх сельскіх дашкольных установах.
Летась функцыяніраваў 31 гурток па розных напрамках, з іх 20 – платныя, наведвалі іх  21% выхаванцаў (2012  год – 13%).
Назіраецца тэндэнцыя да зніжэнння ўзроўню захворваемасці дзяцей. За першае паўгоддзе сёлета колькасць дзён, прапушчаных па хваробе адным дзіцём, склала 1,8 дня (2012 год – 3,2 дня).
У бягучым годзе на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дашкольных устаноў накіравана 230 млн. руб. Аснашчанасць сродкамі навучання, гульнявым і вучэбным абсталяваннем складае 54%, да абласнога паказчыка ў 74% гэта лічба яўна не дацягвае.
Адукацыйны працэс забяспечваюць 108 педагогаў. Назіраецца пазітыўная тэндэнцыя – на 6% сёлета стала больш настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй.



СЯРЭДНЯЯ АДУКАЦЫЯ
У раёне 12 устаноў сярэдняй адукацыі. Сёлета 1 верасня за парты сядуць 2764 вучні, з іх 282 – першакласнікі. За апошнія тры гады назіраецца змяншэнне вучняў (2012 год – 2770, 2011 год – 3039). Арганізаваны падвоз 612 дзяцей з 27 населеных пунктаў раёна.
Якасць агульнай сярэдняй адукацыі характарызуе сярэдні бал паспяховасці выпускнікоў, у 2012/2013 навучальным годзе ён склаў 6,5 (у 2011/2012 годзе – 6,1).
Апошнія гады мы маем станоўчую дынаміку паступлення выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Так, сёлета працэнт паступлення склаў 42% (2012 год – 41,8). Лепшых вынікаў дасягнулі СШ № 3, гімназія, як і ў мінулыя гады.



ЦЭНТРАЛІЗАВАНАЕ ТЭСЦІРАВАННЕ
Канчатковы   бал сертыфіката кожнага   выпускніка – гэта ацэнка работы педагогаў. А ў нашым раёне,  ён,  на жаль, ніжэй сярэднеабласнога: 32,71 бала супраць 38,14 адпаведна.
Пры ўсёй неадназначнасці ацэнкі зместу тэставых заданняў відавочна, што атрымаць высокія балы магчыма. Так, больш за 90 балаў па рускай мове атрымаў вучань СШ № 3 Станіслаў Хаванскі. А ўсяго больш за 80 балаў па трох прадметах атрымалі 5 выпускнікоў 2013 года з СШ № 3, гімназіі і Судкоўскай СШ.
Апошнія месцы ў рэйтынгу школ раёна па цэнтралізаванаму тэсціраванню маюць Глінішчанская, Казялужская, Стралічаўская школы. Ад гарадскіх школ значна адстае СШ № 2.
Словам, ёсць вялізны рэзерв для прафесійнага росту педагогаў-прадметнікаў. 



АЛІМПІЯДНЫ РУХ
Як і ў папярэднія гады, стабільную выніковасць на раённых алімпіядах дэманструюць гімназісты (48 прызавых месц). Палепшыліся паказчыкі па Глінішчанскай школе (9 месц). Неканкурэнтаздольнымі аказаліся вучні Віцьеўскай і Слабажанскай школ.
Слаба выступіла каманда раёна на ІІІ этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, у якой удзельнічалі 17 вучняў. Дыпламантам стаў толькі вучань 9 класа гімназіі Аляксей Лабада, які атрымаў Дыплом 3-й ступені па біялогіі (настаўніца В.П. Варановіч).
Такая статыстыка задавальняць ніяк не можа. Гэтыя  факты сведчаць аб нізкім узроўні  работы педагогаў з адоранымі вучнямі. Не наладжана належным чынам выяўленне і падрыхтоўка да алімпіяд вучняў 5-7 класаў. У нас часцей за ўсё работа гэта пачынаецца з 8 класа, калі час ужо ўпушчаны. Мае месца размеркаванне гадзін на правядзенне факультатываў, стымулюючых заняткаў без уліку іх выніковасці, па прынцыпу «пароўну ўсім».



ФАКУЛЬТАТЫЎНАЯ РАБОТА
Сёння настаўніку мала ведаць толькі параграфы падручніка. Неабходна нароўні з традыцыйнымі формамі навучання больш шырока выкарыстоўваць і новыя. Летась факультатыўнымі заняткамі было ахоплена 99,7% вучняў 1-11 класаў. Педагогі павінны разумець значнасць факультатываў, бо яны, за выключэннем старэйшых класаў гімназіі, з’яўляюцца адзіным спосабам дыферэнцыраванага навучання. І нельга ставіцца да іх як да другараднага педагагічнага працэсу, проста дадатковага заробку.
Згодна з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі з 2013/2014 навучальнага года пачнуць працаваць класы і групы па вывучэнню асобных прадметаў на павышаным узроўні. Зразумела, што весці такія заняткі будуць настаўнікі з першай і вышэйшай катэгорыяй. Школьнікі ж павінны быць з’арыентаваны і мець матывацыю на атрыманне ведаў на павышаным узроўні.



ІНФАРМАТЫЗАЦЫЯ АДУКАЦЫІ
У школах актыўна ўкараняюцца інфармацыйныя тэхналогіі. Забяспечаны доступ усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу да сучасных інфармацыйных рэсурсаў: усе школы падключаны да высокахуткаснага Інтэрнету. Выконваецца сацыяльны стандарт па забяспечанасці кожнага вучня камп’ютэрнай тэхнікай. Але тэхніка гэта ўжо дзе-нідзе ўстарэла, патрабуе абнаўлення. Неабходна набыццё і інтэрактыўных прыставак і дошак.
На базе гімназіі працуе раённы рэсурсны цэнтр, у СШ № 3 – інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр. Да 70% павялічана колькасць педагогаў, якія прымяняюць інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе. Згодна з даведзеным заданнем сёлета атрымалі сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій у адукацыі 17 работнікаў (летась – 12).
На працягу мінулага навучальнага года праводзіўся абласны конкурс «Камп’ютэр. Інтэрнет. Адукацыя». Конкурс цікавы, але, на жаль, кожны год удзельнічаюць у ім толькі гімназія і Стралічаўская школа. З вышэйсказанага задача зразумелая.



ВЫХАВАННЕ
У 12 установах раёна працавалі летась 105 гурткоў і аб’яданняў па інтарэсах, іх наведвала 43% школьнікаў. Акрамя таго, працавалі 58 гурткоў дадатковай адукацыі, з іх 50 – у вячэрні час і выхадныя дні. 
Галоўнай падзеяй гэтага навучальнага года стане святкаванне 70-й гадавіны вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падрыхтоўку да гэтай падзеі неабходна пачынаць з 1 верасня. Нельга ігнараваць у патрыятычным выхаванні  выкарыстанне патэнцыялу музеяў. Жыццё ў школьных музеях павінна кіпець, а так будзе тады, калі зацікавіць дзяцей, даць ім ініцыятыву. Неабходна рабіць так, каб кожны вызвалены ад урокаў суботні дзень садзейнічаў умацаванню фізічнага здароўя дзяцей, іх працоўнаму выхаванню, культурнаму развіццю.



СЛОВЫ ЎДЗЯЧНАСЦІ
За аказанне практычнай дапамогі ў падрыхтоўцы ўстаноў да новага навучальнага года падзякавалі кіраўнікам ААТ  «Хойніцкі Аграсервіс» А.А. Максімовічу, КСУП «Судкова» – А.Р. Вараб’ю, імя Мележа – А.А. Сцішанку, эксбазы «Стралічава» – У.Л. Бондару, КСУП «Аравічы» – А.А. Кліменку.



Запісала Ірына ЛУКАШЭНКА.  


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *